У жывёлаабарончы цэнтр «Эгіда» звярнуліся некалькі чалавек, якія сталі сведкамі смерці сабакі ў машыне каля гандлёвага цэнтра «Прастор» у Шабанах.

Ілюстрацыйнае фота.

Ілюстрацыйнае фота.

13 жніўня на стаянцы машын ля крамы ў адным з аўто заўважылі сабаку. Надвор’е было спякотнае (+25…+27). Людзі звярнулі ўвагу, што жывёла адчувае сябе кепска, сабраўся натоўп.

«Відавочцы на месцы казалі адзін аднаму, што ўжо больш за 20 хвілін спрабуюць шукаць гаспадароў машыны ў краме, што тэлефанавалі ў міліцыю і МНС. Сабака зваліўся на падлогу, потым у яго з рота пайшла пена і пачаліся канвульсіі», — паведамляе «Эгіда».

Па словах відавочцаў, у МНС адмовіліся дапамагчы, міліцыя выклік прыняла, але ніхто не прыехаў.

Разбіць шыбы ў машыне ніхто з відавочцаў не рашыўся. Калі знайшліся гаспадары, жывёла ўжо памерла.

Прадстаўнікі «Эгіды» накіравалі заявы ў міліцыю і пракуратуру, каб прыцягнуць да адказнасці гаспадароў сабакі і работнікаў міліцыі і МНС.

Што тычыцца ратавальнікаў, то, на жаль, супрацоўнікі МНС сапраўды не абавязаны выязджаць на падобныя выклікі. З пункта гледжання заканадаўства сабака — гэта маёмасць гаспадара, такая ж, як і аўто, у якім жывёла знаходзіцца. І ратавальнікі не маюць права шкодзіць адну маёмасць, каб выратаваць іншую, як бы цынічна гэта не гучала.

Міліцыя адказала, што гісторыя, якую распавядае «Эгіда» трохі не адпавядае рэчаіснасці. Па словах міліцыянтаў, відавочцы не званілі ў міліцыю, а звярнуліся да ахоўніка крамы. Ужо ён набраў 102 і гэта быў адзіны званок. І міліцыя не прыехала, бо ўжо было позна.

«Як распавёў начальнік аддзялення крымінальнага вышуку падпалкоўнік міліцыі Аляксей Крук, у 14.34 па каналах электроннай сувязі дадзенае паведамленне было прынята. У 14.37 з заяўнікам звязаліся супрацоўнікі аператыўна-дзяжурнай службы. Аднак ён паведаміў, што дапамога міліцыі ўжо не патрабуецца: гаспадароў знайшлі дзякуючы аб'яве па гучнай сувязі ў гіпермаркеце, машыну адкрылі, аднак сабака ўжо была мёртвая. Такім чынам, неабходнасць у прыбыццё нараду на месца адпала», - паведамляюць міліцыянты.

Таму нагадваем — не пакідайце сваіх гадаванцаў у спёку ў аўтамабілях! У салоне аўто тэмпература расце вельмі хутка, а ў жывёл працэс тэрмарэгуляцыі адрозніваецца ад чалавечага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?