«Свабода — гэта рабства»
Калі задумацца, то некаторыя дэвізы з «1984» ужо пасьпяхова перамаглі ў сучасным грамадзтве.
Роўнасьць — гэта несправядліва. Квоты і прывілеі — гэта сапраўдная роўнасьць.
Свабода слова — гэта нянавісьць. Паліткарэктнасьць і самацэнзура — гэта сапраўдная, «правільная» свабода.
Асоба, індывідуалізм — гэта зло. Групавыя, нацыянальныя, гендерныя, сацыяльныя інтарэсы — гэта дабро.
На самой справе, мне з гадамі ўсё больш падаецца, што свабода — гэта беспэрспэктыўная канцэпцыя. Колькі разоў у сваёй гісторыі чалавецтва падбіралася да свабоды, і кожны раз з жахам уцякала зноў у нейкую ўпарадкаваную сыстэму адназначных каштоўнасьцяў. У нейкі стройны шыхт і шэраг, дзе павінна быць выразна зразумела, што каму рабіць і што гаварыць. Там утульна і камфортна, там ня трэба задумвацца, там ёсьць гатовыя правільныя адказы на ўсе пытаньні. А свабода — гэта пакута выбару, і страх за няправільны выбар, які пярэчыць каштоўнасьцям паноўнай сыстэмы. Таму свабода — гэта рабства.





