Ва Ўкраіне падвялі вынікі акцыі «Сем цудаў Украіны», а мы вырашылі пашукаць ва ўкраінскіх цудах беларускія сьляды.
Разгарнуць мапу на ўвесь экран
1. Запаведнік «Камянец» у Камянцы-Падолькім
![]() Камянецкая крэпасьць на рысунку Напалеона Орды |
Камянец-Падольскі — адзін з найстаражытнейшых гарадоў Украіны. Дзякуючы ўнікальнаму спалучэньню гісторыка-архітэктурнай, горадабудаўнічай спадчыны, ляндшафтнага каньёну ракі Смотрчы, «Стары горад» аб’яўлены дзяржаўным гісторыка-архітэктурным запаведнікам. На невялічкай плошчы месьціцца каля 200 помнікаў архітэктуры XI—ХІХ стагодзьдзяў.
Магутныя абарончыя ўмацаваньні «Старога гораду», крэпасьць і крэпасны мост, спалучэньне культавых пабудоў розных рэлігій пакідаюць незабыўнае ўражаньне.
У гістарычным цэнтры практычна няма ўтачэньняў архітэктуры ХХ стагодзьдзя. Галоўная местачковая адметнасьць — старадаўняя крэпасьць, першыя пабудовы якой адносяцца да ХІ — ХІІ стагодзьдзяў, а асноўныя ўмацаваньні — да ХVІ — ХVІІ стагодздзяў. Абарончыя ўмацаваньні ў Камянцы-Падольскім лічацца цудоўным узорам найлепшых фартыфікацый Усходняй Эўропы.
У 1919 годзе ў Камянцы-Падольскім міністар замежных спраў Украінскай Народнай Рэспублікі Лявіцкі заявіў, што УНР падтрымае беларусаў у барацьбе за незалежнасьць.
![]() |
2. Сьвятая Ўсьпенская Кіева-Пячорская лаўра
![]() |
Кіева-Пячорская лаўра — старадаўні праваслаўны манастыр на Русі, заснаваны ў 1051 годзе пры Яраславе Мудрым. Шчодрыя фундаваньні ў пабудову Лаўры давалі полацкія й менскія князі. Лаўра — значыць галоўны вялікі манастыр. Зь ёй зьвязаныя славутыя імёны, як, напрыклад, летапісца й аўтара «Аповесьці мінулых часоў» Нестара. Там ад 1178 да 1910 захоўваліся мошчы сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, заступніцы Беларусі. Цяпер у частцы лаўры гаспадарыць Украінская праваслаўная царка, а рэшта знаходзіцца ў гаспадараньні Кіева-Пячорскага гісторыка-культурнага запаведніка.
3. Парк Сафіеўка
![]() Фота — Sergiy Babakin |
Парк Сафіеўка або Сафіеўскі парк ва Ўмані — ляндшафтны парк, створаны ў 1976 годзе Станіславам Патоцкім і названы імем ягонай жонкі Сафіі.
Парк створаны ў стылі ангельскага ляндшафтнага парку з вадаспадамі, фантанамі, ручаямі й каменнымі садамі. У парку расьце больш за тры тысячы экзатычных дрэў і кустоў. А ў 1985 у гонар уманскага парку назвалі малую плянэту.
4. Сафія Кіеўская
![]() |
Сабор Сьвятой Сафііі быў пабудаваны ў ХІ стагодзьдзі. Сваімі званамі яна вітала Ўсяслава Полацкага, які кіеўскі люд вызваліў зь вязьніцы і абвесьціў князем. Бачылі яе муры і вояў вялікага князя літоўскага Альгерда, якія, пасьля перамогі на Сініх Водах, вызвалілі Кіеў ад татараў. Сафія разьмешчаная ў самым цэнтры ўкраінскай сталіцы. У саборы захаваліся 260 квадратных мэтраў мазаік і тры тысячы м² фрэсак. Наўкола сабору месьцяцца манастырскія пабудовы ХVІІ стагодзьдзя, выкананыя ў архітэктурным стылі ўкраінскага барока. Сафійскі сабор стаў першым унесеным у сьпіс Сусьветнай спадчыны ЮНЭСКА помнікам архітэктуры на тэрыторыі Ўкраіны.
5. Херсанэс Таўрычны
![]() Фота: Барыс Калесьнікаў, chersonesos.org |
Херсанэс Таўрычны — старажытны горад, заснаваны грэкамі ў 528/529 гадах да нашай эры на ўзьбярэжжы Крыма. Цяпер ён месьціцца на тэрыторыі Гагарынскага раёну Севастопалю. Старажытная славянская назва гораду — Карсунь. Таўрыкай эліны называлі паўднёвае ўзьбярэжжа Крыму. У 1363 годзе Херсанэс захапіў наш князь Альгерд і вывез адтуль царкоўны рыштунак. У ліку вывезеных іконаў была і тая, што сёньня вядомая як Маці Божая Вастрабрамская. У 1397 посьпех дзядзькі паўтарыў князь Вітаўт. Праз два гады горад спустошыў і спаліў хан Едыгей. Пасьля гэтай навалы Херсанэс ужо не ачуняў. Апошняе па часе ліха напаткала Херсанэс у 2007-м: тады вандалы павалілі калёны сярэднявечнага храму Базыліка ў базыліцы, некаторыя калёны раскалоліся, патрэскалася мазаічная падлога.
6. Хоцінская крэпасьць
![]() |
Хоцін быў заснаваны ў пачатку ХІ стагодзьдзя кіеўскім князем Уладзімерам Вялікім як адна з сыстэмы памежных крапасьцей. Яна сьпярша была драўлянай і выкарыстоўвалася старажытнымі славянамі для абароны сваіх паселішчаў. Назва гораду, як мяркуюць, паходзіць ад слова «хацець», бо мясцовасьць была заўжды жаданай для старажытных пасяленцаў: вялікая рака, вялікі лес, урадлівая глеба, дзівосныя краявіды.
У кастрычніку 1621 году пад сьценамі замку адбылася знакамітая Хоцінская бітва. Украінска-беларуска-польскія войскі на чале зь гетманам літоўскім Янам Каралем Хадкевічам і Пятром Сагайдачным разьбілі значныя сілы Асманскай імпэрыі. Ян Хадкевіч там жа пад Хоцінам і памёр ад хваробы.
Нават той, хто ніколі ня быў у Хоціне, напэўна бачыў ягоныя муры ў фільмах «Тры мушкецёры», «Балада пра доблеснага рыцара Айвенга», «Стрэлы Робін Гуда», «Тарас Бульба».
7. Хорціца
![]() |
Найбуйнейшая атока на Дняпры: 12,5 км удоўжкі, і 2,5 ушыркі. Месьціцца ў Запароскай вобласьці. На востраве больш за 1000 відаў розных расьлін, і 63 помнікі археалёгіі.





