Суд у Бішкеку 16 жніўня абвясьціў прысуд галоўнаму апазыцыянэру Кыргызстану Амурбеку Тэкебаеву: ён атрымаў 8 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці і забарону на тры гады займацца палітычнай дзейнасьцю.

Тэкебаеў — лідэр апазыцыйнай партыі Кыргызстану «Ата Мекен». Ён быў арыштаваны ў аэрапорце Бішкека ў лютым 2017 пасьля сваркі з прэзыдэнтам краіны Алмазбекам Атамбаевым і адпраўлены ў СІЗА службы дзяржбясьпекі краіны, дзе яму прад'явілі абвінавачваньні ў карупцыі і махлярстве. Пры гэтым да лета 2016 году Тэкебаеў быў саюзьнікам прэзыдэнта Кыргызстану, але перайшоў у апазыцыю пасьля прыняцьця паправак у Канстытуцыю краіны, якія значна пашырылі паўнамоцтвы прэм'ер-міністра.

Тэкебаеў таксама заклікаў пачаць працэдуру імпічмэнту прэзыдэнта і патрабаваў пачаць антыкарупцыйнае расьсьледаваньне супраць кіраўніка дзяржавы і членаў яго сям'і.

Абвінавачаньні, прад'яўленыя палітыку, былі заснаваныя на паказаньнях расейскага прадпрымальніка, былога дэпутата Дзярждумы ад КПРФ Леаніда Маеўскага. Тэкебаеў нібыта атрымаў ад яго ў 2010 годзе адзін мільён даляраў для спрыяньня ў пакупцы акцыяў кампаніі «Мегаком» (сотавы апэратар Кыргызстану).

Прыхільнікі палітыка сьцьвярджаюць, што Тэкебаева перасьледуюць паводле палітычных матываў.

Прэзыдэнцкія выбары ў Кыргызстане прызначаны на 19 лістапада. Тэкебаеў плянаваў вылучыць на іх сваю кандыдатуру, але прысуд фактычна ставіць крыж на яго палітычнай кар'еры.

Прыхільнікі Тэкебаева зьбіраюцца правесьці ўвечары ў Бішкеку масавыя акцыі пратэсту супраць вынесенага яму прысуду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?