«Малекулы тлушчаў, якія мы знайшлі ў пародах эдыякарскага перыяду, кажуць нам пра тое, што жыццё ў водах першаснага акіяну Зямлі стала рэальна цікавым прыкладна 650 мільёнаў гадоў таму. У той час адбылася сапраўдная экалагічная рэвалюцыя, своеасаблівае паўстанне водарасцяў», — распавядае Ёхен Брокс з Нацыянальнага ўніверсітэта Аўстраліі ў Канберы.

Адной з галоўных таямніц зараджэння сучаснага мнагаклетачнага жыцця з'яўляецца пытанне пра тое, як паўстала «аснова» сучаснай харчовай піраміды — аднаклетачныя водарасці, галоўныя зялёныя «лёгкія» планеты.

Праблема заключаецца ў тым, што фотасінтэзуючыя арганізмы існуюць на Зямлі вельмі даўно, каля двух мільярдаў гадоў, і навукоўцы пакуль не разумеюць, што прымусіла частку архей ператварыцца ў продкаў сучаснага планктону, і як гэта падзея паўплывала на эвалюцыю астатняга жыцця.

Брокс і яго калегі знайшлі першы рэчавы доказ таго, што першае багавінне з'явілася практычна адначасова з першымі мнагаклетачнымі істотамі, вывучаючы адклады ападкавых парод, якія сфарміраваліся прыкладна 660 мільёнаў гадоў таму на дне першаснага акіяна Зямлі на тым месцы, дзе ў будучыні паўстала цэнтральная частка Аўстраліі.

Справа ў тым, што пароды, якія вывучалі Брокс і яго калегі, сфарміраваліся ў той час, калі Зямля пачала паступова адтайваць пасля ператварэння ў поўны «лядзяк» каля 850 мільёнаў гадоў таму.

Прычынай гэтага, як сёння лічаць навукоўцы, было з'яўленне першых фотасінтэзуючых арганізмаў, якія ачысцілі атмасферу планеты ад парніковых газаў.

Калі Зямля пачала адтайваць, у ейны першасны акіян трапіла гіганцкая колькасць фосфару і іншых нутрыентаў з горных парод, перамолатых леднікамі. Гэты фосфар, адпаведна, дапамог планктону атрымаць перамогу над фотасінтэзіруючымі бактэрыямі і запусціў рэакцыю, дзякуючы якой узровень СО2 у атмасферы планеты амаль не змяняўся на працягу апошніх 550 мільёнаў гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?