21:51
Стасевіч меў апошнюю магчымасць забіць.
Гучыць фінальны свісток. 1:1 — праз тыдзень ва Украіне будзе вельмі цяжка.
21:49
Брамнік «Александрыі» ляжыць на полі пасля сутыкнення з Туоміненам. Цягнуць час украінцы.
21:46
Чатыры хвіліны да асноўнага часу дадае венгерскі арбітр.
21:45
Іваніч пульнуў з далёкай адлегласці. Мяч ляцеў па вельмі крутой траекторыі, але трапіў у бэльку. Адна хвіліна асноўнага часу засталася.
21:38
Самыя нецерпялівыя заўзятары ўжо пацягнуліся да выхада. Гуляць яшчэ каля 10 хвілін.
У БАТЭ выйшаў фінскі форвард Ясэ Туомінен, ён замяніў Віталя Радзвівонава.
21:34
Нарэшце ўдар у створ. Яго нанёс Віталь Радзівонаў, але брамнік «Александрыі» быў на месцы.
21:33
У «Александрыі» выйшаў на поле Сяргей Старанькі, які пагуляў некалі ў чэмпіянаце Беларусі.
У БАТЭ замест Міхаіла Гардзейчука з'явіўся Юрый Кендыш. Умацоўвае трэнер цэнтр поля.
21:29
Не, прабілі не надта мудрагеліста. Ідзе ўжо 74-я хвіліна матча.
21:27
Мілунавіч парушае правілы на самай мяжы штрафной пляцоўкі. «Александрыя» атрымлівае права на небяспечны стандарт.
21:26
Міхаіл Гардзяйчук вельмі добра выходзіў да варот, але ўдар не атрымаўся. Міма.
21:22
А вось і сам Стасевіч папярэджаны.
Калі верыць статыстыцы з спецыялізаваных сайтаў, то БАТЭ валодае мячом 87% часу.
«Александрыя» рыхтуе другую замену. Выйдзе на поле Віталь Панамар.
21:20
Васіль Грыцюк збівае Ігара Стасевіча і бачыць перад сабой жоўтую картку. Другое папярэджанне ў матчы.
21:18
Драгун выдаваў цудоўны пас на Гардзейчука, але апошні крыху праспаў гэты момант. БАТЭ прыдушыў суперніка. Трэба гол!
Першая замена ў «Александрыі». Сышоў капітан каманды Запаражань, выйшаў Максім Калянчук.
21:15
Віталь Радзівонаў не змог трапіць у пустыя вароты, калі брамнік «Александрыі» Юрый Панкоў быў ужо адыграны.
Першая замена ў БАТЭ. Ермаковіч зняў апорніка Аляксандра Валадзько і выпусціў нападаючага Мікалая Сігневіча.
21:11
Хто ў знаходзіцца ў запасе барысаўскай каманды? Брамнік Чычкан, а таксама палявыя гульцы Гайдучык, Бярозкін, Сігневіч, Туомінен, Палякоў, Кендыш.
21:07
Абсалютна нічога не адбываецца ў гульні. БАТЭ спрабуе вярнуць сабе кантроль над мячом, «Александрыя» ў сваю чаргу вельмі шмат цягне час і ўключае сімуляцыю.
Пакуль што яшчэ не праводзіць замены Ермаковіч.
21:01
Пачаўся другі тайм. Трывожна неяк на сэрцы.
20:45
Першы тайм скончыўся. БАТЭ яго выдатна пачаў, забіў гол намаганнямі Іваніча, але потым каманда неяк падсела.
Ці знойдзе ў перапынку Ермаковіч тыя словы, каб узбадзёрыць сваіх футбалістаў? 1:1 для хатняга матча — гэтага вельмі мала.
Па ўдарах «Александрыя» пераўзышла БАТЭ з лікам 10:4, у створ 2:2.
20:43
Занадта шмат вольнасцяў БАТЭ дазваляе «Александрыі». За такое ўкраінцы могуць пакараць яшчэ ні раз.
20:41
Каманды па чарзе атакуюць, аднак да рэальных пагрозаў пакуль не даходзіць. Першы тайм блізіцца да завяршэння.
20:35
Зусім неяк паныленька стала ў Барысаве.
20:30
Іваніч і Гардзяйчук на двух стварылі вастрыню ля варот «Александрыі», але мэтанакіраваным ударам яна не завяршылася.
Мілунавіч зноў прабіў галавой пасля штрафнога, але міма.
20:26
Яшчэ адзін небяспечны момант стварае «Александрыя». Трыбуны сустракаюць такую гульню сваёй каманды свістам. Неяк усё больш трывожна становіцца за вынік супрацьстаяння.
20:22
Радзівонаў вырываўся на прастор, але не змог абматаць украінскага абаронцу. Сумнавата стала на стадыёне, прапускаць гол у хатняй гульні было зусім неабавязкова.
20:20
Ох, 1:1. Украінцы гэтак сама лёгка адыграліся, як БАТЭ забіў першы гол. Адзначыўся Яўген Банада, у штрафной не аказалася нікога з цэнтральных абаронцаў.
20:18
Першы небяспечны момант спрадукавала «Александрыя», але суддзя зафіксаваў атаку на брамніка.
20:14
Неманья Мілунавіч наносіў удар галавой пасля навеса Максіма Валадзько, але небяспечным момант не назавеш.
20:13
Трошку супакоілася гульня. БАТЭ ўпэўнена кантралюе мяч. Хочацца, каб з такім супернікам барысаўцы ўсё вырашылі ўжо ў першай гульні.
20:09
1:0!!! Вельмі хутка БАТЭ забівае свой гол. І неяк лёгка гэта атрымалася.
Мяч забівае наш серб Мірка Іваніч. Выдатны пас на яго зрабіў Міхаіл Гардзяйчук.
Трэба працягваць у такім жа духу.
20:07
Фанацкі сектар БАТЭ сёння вельмі ўнушальны. Прыгожа спяваюць хлопцы. Зверху вісіць банер польскіх сяброў БАТЭ з «Пяста» (Глівіцэ).
20:04
Вось і першы рэальны момант узнік ля варот «Александрыі». На жаль, Іваніч не змог замкнуць перадачу.
Стадыён вельмі моцна падтрымлівае любімую каманду.
20:03
Вельмі груба ў цэнтры поля згуляў украінец Басаў, суддзя даў яму жоўтую картку. У такія моманты арбітры маюць поўнае права караць гульца і чырвонай.
20:02
Матч пачаўся атакамі ўкраінскага клуба. Шчарбіцкаму нават давялося адзін раз уступіць у гульню, але нічога небяспечнага не было.
20:01
У Барысаве сёння ўвечары выдатнае надвор'е — +26 градусаў.
З Украіны падтрымаць «Александрыю» прыехала некалькі дзясяткаў чалавек. Фан-сектар пражскай «Славіі» на «Барысаў-Арэне» быў больш унушальны.
20:00
Венгерскі арбітр дае свісток аб пачатку гульні.
19:57
Каманды выходзяць на поле. БАТЭ будзе гуляць у сініх колерах, «Александрыя» - у жоўтых.
Стадыён на дадзены момант запоўнены працэнтаў на 70%.
19:56
Што тычыцца складу БАТЭ, то ёсць дзве нечаканасці. Па-першае, у абароне выйшаў не Дзяніс Палякоў, а Максім Валадзько. Па-другое, на вастрыё атакі вяртаецца Віталь Радзівонаў, які адбыў чатырохматчавую дыскваліфікацыю. Мікалай Сігневіч застаўся ў запасе.
19:54
Склады каманд:
БАТЭ: Шчарбіцкі, Бага, Булят, Мілунавіч, М.Валадзько, А.Валадзько, Драгун, Іваніч, Стасевіч, Гардзяйчук, Радзівонаў.
«Александрыя»: Панкоў, Чабатаеў, Цурыкаў, Палярус, Запарожань, Гітчанка, Сітала, Грыцук, Бацула, Банада, Басаў.
19:52
«Александрыя» на дадзены момант не мае ніводнай перамогі ў чэмпіянаце Украіны. У каманды тры нічыіх і дзве паразы. Каманда займае дзясяты радок з дванаццаці. У апошнім туры «Александрыя» з лікам 1:2 саступіла данецкаму «Шахцёру».





