Палітоляг Аляксандар Фядута пра парлямэнцкія выбары.

«Наша Ніва»: Ці ёсьць шанцы ў апазыцыі патрапіць у парлямэнт?

Аляксандар Фядута: Натуральна, што выбары будуць сфальсыфікаваныя. У мяне гэта не выклікае пытаньняў. Разам з тым, у мяне не выклікае пытаньняў і тое, што апазыцыя ў парлямэнце вельмі патрэбная ўладзе. Гэта патрэбна, бо ўлады спрабуюць дамовіцца з Захадам адносна нейкіх гарантый незалежнасьці краіны ад Расеі. Думаю, што ўлада пагодзіцца з тым каб прапусьціць у парлямэнт некалькі апазыцыянэраў. Колькі іх будзе? Гэта ўжо як карта ляжа.

«НН»: Ці будуць гэта слабыя дэпутаты, дзейнасьць якіх будзе лёгка кантраляваць?

АФ: Гэта будуць людзі, якія здольныя размаўляць з уладай на адной мове. Я ня маю на ўвазе расейскую мову, я гавару пра пэўную мову паняцьцяў. Уладзе патрэбныя дэпутаты, які, скажам, займаліся б эканомікай, але ня лезьлі ў праблемы адсутнасьці дэмакратыі ці свабоды слова.

«НН»: А калі казаць рэальна, то ці здольныя апазыцыйныя кандыдаты перамагчы на гэтых выбарах?

АФ: Вельмі складана казаць. Сапраўдных выбараў у краіне не было вельмі даўно. І тое як насамрэч думае народ, не пакажа сёньня ніводнае сацыялягічнае апытаньне.

«НН»: Ці варта апазыцыі сёньня сканцэнтравацца на ідэі байкоту?

АФ: Калі байкот ажыцьцяўляецца разумнымі людзьмі, то ён можа прынесьці пэўныя вынікі. Напрыклад, ён можа прымусіць уладу даць мандаты пэўнай колькасьці апазыцыянэраў. Але паўтаруся, у такім выпадку неабходна, каб ідэя байкоту ажыцьцяўлялася вельмі разумна.

«НН»: Вялікая колькасьць безальтэрнатыўных акругаў — плюс ці мінус для апазыцыі?

АФ: Гэта мінус для ўладаў, а для апазыцыі любы мінус улады — гэта плюс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?