Ужо 1 кастрычніка 2017 года ў Каталоніі можа адбыцца рэферэндум аб незалежнасці ад Іспаніі. Калі большасць удзельнікаў рэферэндуму скажа «так», Каталонія абвесціць аб сваёй незалежнасці ў аднабаковым парадку, без кансультацый з Мадрыдам.

Урад і парламент Каталоніі, якія абвясцілі аб рэферэндуме, амаль цалкам кантралююцца прыхільнікамі незалежнасці, якія ўпэўнена прыйшлі да ўлады ў 2012 і 2015 годзе. Згодна з вынікамі апытанняў, хоча незалежнасці і большая частка каталонцаў. Але афіцыйны Мадрыд не збіраецца здавацца, таму жорстка і нервова рэагуе на імкненні палітыкаў з Барселоны.

Каталонія як частка Іспаніі

Пунктам адліку гісторыі Каталоніі з’яўляецца 988 год, калі ў выніку Рэканкісты Барселона была канчаткова вызваленая ад арабаў. У ХІІ стагоддзі Каталонія станавіцца часткай Арагонскага каралеўства. У ХVI стагоддзі гэтае каралеўства далучылася да Іспаніі, але захоўвала пэўную самастойнасць, якую цалкам згубіла ў ХVIІІ стагоддзі.

Першая спроба выйсці са складу Іспаніі адбылася ў 1871 годзе, але ў выніку перамоў Каталонія вырашыла застацца.

Наступная спроба была ў 1930-я, але каталонцы былі вымушаныя прыпыніць працэс стварэння незалежнай дзяржавы з-за грамадзянскай вайны, дзе яны падтрымалі рэспубліканскі ўрад у барацьбе супраць Франсіска Франка. Пасля перамогі Франка ў Іспаніі ўсталяваўся таталітарны рэжым. Відавочна, што генералісімус не мог дараваць каталонцам падтрымкі рэспублікі: рэпрэсіі рэжыму Франка супраць каталонцаў былі надзвычайна жорсткімі, а каталанская мова знаходзілася пад забаронай. Цікава, што ў адрозненне ад каталанскай, пашырэнню баскскай мовы Франка спрыяў, хаця любыя праявы баскскага сепаратызму душыліся — дыктатар быў удзячны баскам за падтрымку часоў Грамадзянскай вайны.

Пасля адыходу Франка ад улады спыніліся і рэпрэсіі супраць каталонцаў. У 1979 годзе Каталонія атрымала аўтаномны статус, крыху пазней была знятая забарона на выкарыстанне каталанскай мовы.

Некалькі дзесяцігоддзяў каталонцы карысталіся перавагамі аўтаноміі, але праз некаторы час пачалі праяўляцца іншыя праблемы. Каталонія — багаты рэгіён, які даваў самы вялікі ўнёсак у агульнаіспанскі ВУП, але кіраваць сваім грашыма каталонцы не маглі, бо ўсё размяркоўваў Мадрыд. Гэтую праблему часткова вырашылі ў 2006 годзе, калі аўтаномны рэгіён атрымаў новы статус з магчымасцю самастойна распараджацца ўласнымі фінансамі.

Нягледзячы на ўсе спробы афіцыйнага Мадрыда залагодзіць каталонцаў, яны не збіраліся спыняцца. У 2009—2010 гадах у Каталоніі адбыліся неафіцыйныя рэферэндумы, дзе каля 90% выказаліся за поўную незалежнасць ад Іспаніі.

У 2012 годзе па Каталоніі прайшлі масавыя пратэсты пад лозунгам «Каталонія — новая дзяржава Еўропы», у якіх бралі ўдзел каля 2 млн чалавек. У гэтым жа годзе на выбарах у каталонскі парламент перамаглі прыхільнікі незалежнасці.

Рэферэндум-2014, які не адбыўся

Адразу пасля выбараў кіруючая кааліцыя паставіла перад сабой мэту — прывесці Каталонію да незалежнасці. На лістапад 2014 года быў запланаваны рэферэндум. Але афіцыйны Мадрыд актыўна супраціўляўся.

У сакавіку 2014 года Канстытуцыйны суд Іспаніі пастанавіў, што гэты рэферэндум не можа быць праведзены, таму што не адпавядае Канстытуцыі Іспаніі. Канстытуцыя забараняе рэгіёнам праводзіць рэферэндумы аб незалежнасці ў аднабаковым парадку.

Барселоне прыйшлося пайсці на саступкі. Замест рэферэндуму было прызначана апытанне, якое не мела юрыдычнай сілы. Але нават гэта апытанне, дзе з 2,3 млн выбарцаў 80% прагаласавалі за незалежнасць, было прызнана мадрыдскімі ўладамі незаконным, а арганізатары былі пакараныя турэмнымі тэрмінамі.

Іспанія была гатовая нават ужываць сілу: журналістам стала вядома пра перакідванне 180 элітных спецназаўцаў з Мадрыда ў Барселону.

Хаця той рэферэндум і не адбыўся, праведзенае апытанне ўсё ж запусціла доўгатэрміновы працэс легітымізацыі суверэнітэту.

Рэферэндум-2017 адбудзецца?

Хаця афіцыйны Мадрыд сцвярджае, што ні пры якіх умовах не дапусціць рэферэндуму 1 кастрычніка 2017 года, паўтарыць сцэнар 2014 года ім будзе не так проста.

У 2015 годзе ў Каталоніі адбыліся датэрміновыя выбары, дзе зноў перамаглі прыхільнікі незалежнасці. Яны вырашылі стварыць дарожную карту атрымання незалежнасці, каб не даць магчымасці Іспаніі дэмакратычнымі метадамі сарваць рэферэндум.

Прэзідэнт Каталонскага ўрада Карлас Пуджэмон (Carles Puigdemont) заявіў, што рэферэндум адбудзецца і без дазволу Мадрыда: для яго легітымнасці будзе дастаткова рашэння каталонскага парламента. Зараз парламент прымае адпаведныя законы, каб «выключыць» Каталонію з прававой сістэмы Іспаніі.

Карлас Пуджэмон.

Карлас Пуджэмон.

Урад Каталоніі нават распрацаваў механізм «імгненнага аддзялення» Каталоніі на той выпадак, калі афіцыйны Мадрыд перашкодзіць правядзенню рэферэндуму. Такім чынам, шанцы на з’яўленне новай дзяржавы ў Еўропе цалкам рэальныя. Але як гэтая новая дзяржава будзе выглядаць, калі большасць выбарцаў скажа «так»?

Тэрыторыя і насельніцтва Каталоніі

Трэба разумець, што аўтаномная вобласць Каталонія не адпавядае гістарычным землям так званай Вялікай Каталоніі. Аўтаномная вобласць Каталонія, дзе адбудзецца рэферэндум і пра якую ідзе гаворка, з’яўляецца толькі адным з рэгіёнаў, дзе кампактна жывуць каталонцы і носьбіты каталанскай мовы. У шырокім сэнсе ў тэрыторыю гістарычнай «Вялікай Каталоніі» ўваходзяць большая частка Валенсіі (мова афіцыйна называецца «валенсійскай», але яна цалкам ідэнтычная каталанскай мове), Балеарскія выспы, Андора, а таксама памежныя раёны іншых рэгіёнаў Іспаніі і Францыі.

Рэгіён Каталонія — гэта толькі адна частка ўсіх зямель Вялікай Каталоніі.

Рэгіён Каталонія — гэта толькі адна частка ўсіх зямель Вялікай Каталоніі.

Ці могуць усе «каталонскія землі» аб’яднацца калі не ў адну дзяржаву, то хаця б адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку? Гэта малаверагодна. Калі аўтаномная вобласць Каталонія і даб’ецца незалежнасці, іншыя каталонскія землі не змогуць гэтага аўтаматычна зрабіць, таму што Канстытуцыя Іспаніі яшчэ ў 1978 годзе забараніла аўтаномным рэгіёнам аб’ядноўвацца. Таму калі, напрыклад, Валенсія і захоча аддзяліцца ад Іспаніі, ёй давядзецца рабіць гэта самастойна, без звязкі з Каталоніяй. Да таго ж, далёка не факт, што іншыя землі «Вялікай Каталоніі» захочуць быць пад уладай Барселоны. І валенсійцы, і балеарцы, і, тым больш, андорцы, з’яўляюцца носьбітамі сваёй асобнай ідэнтычнасці.

Таму калі Каталонія стане незалежнай дзяржавай, яе плошча будзе складаць 32 114 квадратных кіламетраў (141 месца ў свеце), а насельніцтва каля 7 570 908 чалавек (100 месца ў свеце).

Сталіца

Бясспрэчна, сталіцай будзе Барселона, як найбуйнейшы палітычны, эканамічны, культурны і гістарычны цэнтр Каталоніі.

Валюта

Пакуль дакладнага сцэнара няма, але ёсць два магчымыя варыянты. Каталонія можа падпісаць дамову з ЕС, каб захаваць на сваёй тэрыторыі еўра, альбо нават вярнуцца да песеты. Справа ў тым, што слова «песета» (назва іспанскай валюты з 1869 па 2002 год) — каталонскае і перакладаецца як «маленькі кавалачак», таму каталонцы могуць лічыць гэтую валюту сваёй.

Сцяг

Сёння афіцыйным сцягам Каталоніі з’яўляецца Саньера (кат. Senyera), ён складаецца з чатырох чырвоных палос на залацістым фоне. Але сцягам, які з’яўляецца рэальным сімвалам барацьбы за незалежнасць Каталоніі, з’яўляецца Эстэлада (кат. Estelada). «Незалежная» Эстэлада адрозніваецца ад «афіцыйнай» Саньеры наяўнасцю белай зоркі, упісанай у сіні трохкутнік.

Але, згодна з праектам Канстытуцыі, афіцыйным сцягам ужо незалежнай Каталоніі застанецца ўсё ж Саньера.

Саньера. 

Саньера. 

Эстэлада — сімвал змагання за незалежнасць. 

Дзяржаўная мова

На сённяшні дзень у Каталоніі дамінуе іспанская мова. Яна з’яўляецца галоўнай размоўнай мовай жыхароў Каталоніі, дамінуе ў кіно і друкаванай прадукцыі. Доўгія гады каталанская мова была пад забаронай, усе цэнтральная іспанскія СМІ працуюць па-іспанску, па-іспанску працуюць і сілавыя структуры ў Каталоніі. Таму не дзіўна, што каталонцы аддаюць перавагу іспанскай мове.

Але ў сферы дзяржаўнага справаводства і адукацыі сітуацыя іншая — там дамінуе менавіта каталанская мова.

Калі Каталонія стане незалежнай дзяржавай, першай дзяржаўнай мовай там стане менавіта каталанская. Будзе і другая дзяржаўная мова, але не іспанская, а аранская. Хаця большасць насельніцтва і размаўляе пакуль па-іспанску, афіцыйнага статусу ў незалежнай Каталоніі яна мець не будзе.

Такую сітуацыю можна параўнаць з сітуацыяй ва Украіне, дзе большасць насельніцтва размаўляе пакуль па-руску (бо гэта пакуль дамінуючая мова, хаця яна і не мае афіцыйнага статусу), але ўсе дзяржаўныя інстытуты працуюць на ўкраінскай мове.

Форма кіравання

Калі Каталонія атрымае незалежнасць, яна стане рэспублікай. Кіраўніком гэтай рэспублікі будзе старшыня жэнералітата (урада) Каталоніі, які будзе абірацца на 5 гадоў максімум на два тэрміны.

Эканоміка

Каталонія — багаты рэгіён, які мае самую вялікую па памерах эканоміку ў Іспаніі. Яе намінальны ВУП складае каля 200 млрд еўра, што больш за 20% ад памераў усёй іспанскай эканомікі. ВУП на душу насельніцтва ў Каталоніі за 2014 год быў каля 28 181 еўра. Для параўнання, па ўсёй Іспаніі сярэдні паказчык каля 22 800 еўра.

Калі Каталонія стане незалежнай дзяржавай, яе эканоміка будзе супастаўнай з эканомікай Даніі ці Фінляндыі, а ВУП на душу насельніцтва будзе прыкладна як у Францыі ці Італіі.

Але калі Каталонія аддзеліцца ад Іспаніі, для эканомікі Іспаніі гэта будзе мець цяжкія наступствы. Справа ў тым, што замежныя пазыкі ў Каталоніі адносна невялікія і замежная пазыка Іспаніі мала зменіцца, а вось памер іспанскай эканомікі зменшыцца істотна, бо выплата па пазыках будзе цягнуць іспанскую эканоміку ўніз.

Футбол

Будаўніцтва дзяржаўных інстытутаў, асобнай прававой сістэмы, эканомікі, статус моў — важныя пытанні. Але не менш цікавым пытаннем з’яўляецца футбол: ці пакінуць каталонскія клубы іспанскую лігу і створаць сваю асобную, ці з’явіцца ў Каталоніі свая паўнавартасная нацыянальная зборная?

Першае пытанне асабліва цікавае тым, што супрацьстаянне мадрыдскага «Рэала» і «Барселоны» з’яўляецца знакавай падзеяй у іспанскім футболе. Калі каталонцы зробяць асобны ад Іспаніі чэмпіянат, увесь свет больш не пабачыць знакамітых матчаў «Эль-Класіка». І ўвогуле такія падзеі можна ўспрымаць як крах усяго іспанскага футбола.

Цікава, што футбольная «Барселона» падтрымлівае не толькі рэферэндум аб незалежнасці, але і саму ідэю незалежнасці Каталоніі. 

У сваю чаргу чыноўнікі з іспанскай футбольнай федэрацыі заяўляюць, што, калі Каталонія стане незалежнай, «Барселоне», «Эспаньёлу» і іншым каталонскім клубам забароняць выступаць у іспанскім першынстве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?