У Менску 27 прадстаўнікоў рымска-каталіцкага парафіі Святога Язэпа пачалі бестэрміновы пост за вяртанне вернікам будынкаў кляштара бернардынаў з касцёлам.

Аб гэтым паведаміла БелаПАН сябра грамады Івона Мацукевіч. Па яе словах, з 30 жніўня ў акцыі за вяртанне святыні ўдзельнічаюць людзі розных узростаў, узроўня адукацыі і прафесій, уключаючы 17-гадовых студэнтаў.

«Хтосьці з іх пачаў чысты пост і абмежаваў сябе адной вадой, некаторыя здавольваюцца хлебам і вадой. Прычым кожны з удзельнікаў акцыі абраў для сябе вызначаны дзень паста. Я пашчуся тры дні на тыдзень — у сераду, пятніцу і суботу», — сказала І. Мацукевіч. Па яе словах, гэтая ахвяра Богу стане дадаткам да набажэнстваў за вяртанне святыні вернікам, якія штодня праводзяцца тры з паловай гады пачынаючы з 19 сакавіка 2005 года.

І. Мацукевіч звярнулася да ўсіх людзей добрай волі з просьбай падтрымаць сябраў грамады ў іх імкненні вярнуць тое, што па праве належыць вернікам.

Нагадаем, у 2007 годзе пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне кляштара вернікам было сабрана больш за 30 тысяч подпісаў. Акцыя пачалася пасля таго, як стала вядома аб планах Менгарвыканкама перадаць будынкі святыні інвестарам пад гасцінічны комплекс і аб'екты гандлёва-бытавога прызначэння.

Кляштар быў канфіскаваны ў 1864 годзе ўладамі Расейскай імперыі пасля здушэння паўстання супраць царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Як стала вядома БелаПАН з кампетэнтных крыніц у Беларускай рымска-каталіцкай царкве, 20 чэрвеня ў Менску на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкай дзяржаўны сакратар Папы Рымскага Бенедыкта XVI кардынал Тарчызіа Бертонэ не атрымаў станоўчага адказу на пытанне аб вяртанні вернікам будынкаў кляштару бернардынаў з касцёлам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?