15 сутак палітык атрымаў за шэсце 3 ліпеня. Яго завочна асудзілі 9 жніўня, аднак затрымалі толькі 26 жніўня.
Мікола Статкевіч на акцыі 3 ліпеня
28 жніўня Марына Адамовіч, жонка Міколы Статкевіча, паведаміла, што яе мужу накінулі яшчэ 5 сутак за акцыю 30 сакавіка.
Аказалася, што нібыта яшчэ 15 мая суд Маскоўскага раёна прысудзіў Мікалаю тыя 5 сутак з такой фармулёўкай: «За ўдзел у несанкцыянаваным масавым мераспрыемстве — зборы ля Акрэсціна, дзе 7 чалавек разгарнулі і трымалі цягам 1 хвіліны бел-чырвона-белае палотнішча», - распавяла «Нашай Ніве» Марына Адамовіч. — Тры месяцы пра гэты «прысуд» ніхто не чуў і не ведаў».
Такім чынам, Статкевіч правядзе за кратамі 20 сутак.
Хутчэй за ўсё, затрыманне Статкевіча звязана з яго планамі правесці 8 верасня акцыю «папярэджання расійскай агрэсіі», накіраваную супраць сумесных беларуска-расійскіх вучэнняў. Акцыя планавалася на Кастрычніцкай плошчы.





