Канцлер Германіі Ангела Меркель і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон заклікалі Расію і Украіну прыкласці больш намаганняў для поўнага спынення агню на ўсходзе Украіны.

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве двух лідараў, тэкст якой распаўсюдзіла прэс-служба нямецкага ўрада, паведамляе УП.

Лідары канстатуюць, што пасля тэлефоннай размовы ў «нармандскім фармаце», якая адбылася 22 жніўня, сітуацыя з бяспекай на ўсходзе Украіны, на жаль, істотна не палепшылася, а ўзгодненае на мінулым тыдні спыненне агню «не выконваецца ў поўным аб'ёме».

«Да гэтага часу адбываюцца шматлікія парушэнні рэжыму цішыні, у тым ліку з выкарыстаннем цяжкай зброі. Назіральная місія АБСЭ працягвае паведамляць пра пагрозы для яе персаналу і абмежаванне свабоды перамяшчэння, асабліва на непадкантрольных украінскаму ўраду тэрыторыях», — падкрэсліваюць Меркель і Макрон.

«Мы настойліва заклікаем прэзідэнтаў Пуціна і Парашэнку поўнасцю выканаць дадзеныя імі абавязацельствы, адкрыта і выразна падтрымаць перамір'е і забяспечыць перадачу адпаведных інструкцый ваенным і сілам на месцах», — гаворыцца ў заяве.

Меркель і Макрон падкрэслілі неабходнасць узаемадзеяння бакоў канфлікту ў рамках Агульнага цэнтра па кантролі і каардынацыі і заклікалі забяспечыць свабодны і бяспечны доступ для назіральнікаў АБСЭ.

Нагадаем, па выніках тэлефонных перамоў лідараў дзяржаў «нармандскага фармату», 22 жніўня лідары Украіны, Германіі, Францыі і Расіі выказаліся ў падтрымку перамір'я на ўсходзе Украіны з нагоды пачатку новага навучальнага года.

Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0