Дзеяньні Расеі на Каўказе, калі верыць сацапытаньням, падтрымліваюць прынамсі 80% расейскага электарату. І ў гэтым нічога дзіўнага няма, калі ўлічваць прапагандысцкі эфэкт працы расейскіх дзяржтэлеканалаў.

Але па‑ранейшаму зьдзіўляе тое, што расейская інтэлектуальная эліта — палітолягі, гісторыкі, сацыёлягі, журналісты — амаль аднагалосна, хоць і з агаворкамі, апраўдваюць гэтыя дзеяньні.

Дакладней так — у Паўднёвай Асэтыі расейскія войскі, маўляў, дзейнічалі слушна, бо «далі па зубах» Саакашвілі і абаранілі асэтынаў ад «генацыду». А вось пераходзіць мяжу Грузіі было ня сьлед. (Толькі дзе яна цяпер, тая мяжа?)

Чаму падаецца важным ізноў зьвярнуць на гэта ўвагу. Па‑першае, таму, што ў беларускай дзяржаўнай прэсе, ды ў большасьці недзяржаўных СМІ сур’ёзнае абмеркаваньне апошніх падзеяў у Грузіі амаль адсутнічае. Не прымаць жа ўсур’ёз камэнтары ў навінах СТВ пра тое, што Беларусь безумоўна павінна падтрымаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі ды Абхазіі, а на рэакцыю Захаду — напляваць. (Літаральна так і заявіў нядаўна дэпутат палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян.)

Па‑другое, якім бы ні быў выбар цяперашніх уладаў РБ у дачыненьнях з Захадам і Расеяй, як бы ні павярнуўся далейшы лёс Беларусі, усё адно давядзецца тым альбо іншым чынам падтрымліваць стасункі з усходнім суседам, неяк іх выбудоўваць на рацыянальнай падставе. Але перадусім варта пазбавіцца некаторых ілюзіяў — у прыватнасьці, што да спадзяваньняў часткі беларускай інтэлігенцыі на «прасунутую» дэмакратычную апазыцыю ў Расеі, хоць бы ў пэрспэктыве.

Уласна кажучы, пасьля апошніх парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў тамтэйшая дэмапазыцыя перастала быць сыстэмнай. Але ж і ў дысыдэнтаў у клясычным сэнсе слова яе прадстаўнікі не ператварыліся. У ключавых пытаньнях — такіх, як замежная палітыка Расеі, — яны трымаюцца ў цэлым патрыятычнай пазыцыі, пазыцыі падтрымкі сваёй дзяржавы, крытыкуючы ўладу, хіба, за мэтады, якімі вядзецца гэтая палітыка. На такую пазыцыю, зразумела, кожны мае права. Але часам у патрыятычным парыве некаторыя палітолягі забываюцца пра свой абавязак аналізаваць падзеі і зьявы, а ня толькі даваць ім ацэнкі.

«Мы перасталі быць ворагамі»

Характэрны прыклад — абмеркаваньне на супэрлібэральным інтэрнэт‑сайце «Грані. Ру» тэмы: ці можна лічыць, што ў выніку падзеяў у Грузіі сьвет вярнуўся ў эпоху «халоднай вайны»? Усе ўдзельнікі дыскусіі фактычна ў адзін голас заяўляюць: не, «халоднай вайны» няма і быць ня можа паводле вызначэньня.

«Гэты выраз быў замацаваны за супрацьстаяньнем канкрэтных сыстэмаў, тады была ідэалягічная лінія фронту, па розныя бакі якой было шмат краінаў, аб’яднаных ідэалёгіямі. З аднаго боку — заходняя дэмакратыя, з другога — савецкі бальшавізм». (Георгі Сатараў, былы памочнік прэзыдэнта Ельцына.)

«Страх зьнік, мы перасталі быць ворагамі, зьнікла ідэалягічная канфрантацыя». (Аляксандар Канавалаў, — дырэктар Інстытуту стратэгічных ацэнак).

«Халодная вайна — гэта двубой ідэалёгіяў, якія маюць глябальны характар. Расея ня ёсьць крыніцай ідэалёгіі, што мае глябальны характар, таму халодная вайна немагчымая».(Станіслаў Бялкоўскі, які прадказваў, што Пуцін пасьля прэзыдэнцкіх выбараў сыдзе з палітыкі.)

І толькі палітоляг Дзьмітры Арэшкін дапускае, што Расея спрабуе цяпер калі не «аднавіць жалезную заслону паміж разьвітым сьветам і Расеяй, дык сьцьвердзіць псэўдасавецкую сыстэму каштоўнасьцяў». Тут ужо, як кажуць, цяплей…

Пытаньне сучасным палітолягам і гісторыкам — і ня толькі расейскім, але й беларускім: пры канцы 1940‑х — у пачатку 1950‑х сталінская савецкая ідэалёгія нічым не адрозьнівалася ад ідэалёгіі бальшавікоў у 1917‑м? Бальшавікі, як вядома, тады высунулі лёзунгі: «Няхай жыве сусьветная рэвалюцыя! Мір народам!» Але ад так званага пралетарскага інтэрнацыяналізму не засталося й сьледу ў часе Другой сусьветнай вайны. У 1942—1943 улады ўспомнілі пра сьвятую праваслаўную Русь, Аляксандра Неўскага і генэралісімуса Суворава. У 1944 пачалася масавая дэпартацыя чачэнцаў, іншых каўказцаў, калмыкаў, крымчакоў, турак‑мэсхетынцаў — усіх народаў, абвінавачаных Сталіным у масавым пасобніцтве акупантам.

9 траўня 1945 году ў сваім сьвяточным тосьце Сталін прыпісаў галоўную ролю ў перамозе над нямецкім фашызмам «расейскаму народу». («Я п’ю, перш за ўсё, за здароўе расейскага народу таму, што ён зьяўляецца найбольш выбітнай нацыяй з усіх нацыяў, што ўваходзяць у склад Савецкага Саюзу».) Усім астатнім народам, як вынік, адводзілася роля здраднікаў альбо, у лепшым выпадку, памочнікаў.

Беларусы, якія перажылі нямецкую акупацыю, таксама трапілі пад падазрэньне ў неляяльнасьці й нават супрацоўніцтве з акупантамі. Было абвешчана, што партызанскую барацьбу ў Беларусі арганізавала ЦК КПБ пад кіраўніцтвам Крамлю і пры ўдзеле доблеснага НКВД. (Між іншага, тут узьнікае яшчэ адзін момант. Думкі тых, хто лічыць, быццам партызанка была цалкам інсьпіраваная Масквой і што ў партызанах былі выключна энкавэдысты, палітрукі‑»акружэнцы» і проста бандзюкі, якія займаліся рабаваньнямі ды гвалтам, мала чым, па сутнасьці, адрозьніваюцца ад цьверджаньняў былых гэбістаў і сталіністаў, якія адводзяць беларускаму народу ролю быдла. Але ў гэтым артыкуле няма патрэбы спыняцца на гэтай тэме.)

Пасьля вайны пачалася барацьба зь «нізкапаклонствам перад Захадам», а потым зь «бязроднымі касмапалітамі» (інакш кажучы — зь яўрэямі), якім забаранялі займацца культурай, навукай, займаць пасады лекараў і г.д. І ўсё гэта адбывалася на фоне антыамэрыканскай, антызаходніцкай істэрыі.

Інакш кажучы, палітыка СССР пры канцы жыцьця Сталіна была ўжо ня столькі савецкай (дакладней, ня толькі савецкай), колькі імпэрскай, прасякнутай вялікадзяржаўным расейскім шавінізмам і экспансіянізмам.

Заканчэньне гісторыі?

Менавіта такую палітыку, як мы бачым, спрабуюць адрадзіць сёньня Пуцін і ягоная каманда. Днямі ў Расеі зьявіўся новы падручнік гісторыі СССР (1917—1945), які будзе рэкамэндаваны ў якасьці галоўнага навучальна‑мэтадычнага дапаможніка для расейскіх настаўнікаў. Сталін у ім называецца самым пасьпяховым мэнэджарам ХХ стагодзьдзя, масавыя рэпрэсіі 1930‑х апраўдваюцца «прагматычнымі задачамі» кіраўніцтва краіны, а забойства афіцэраў Войска Польскага (сярод якіх былі і беларусы) у Катыні — «гістарычнай адплатай» за забойства чырвонаармейцаў у Польшчы ў 1920‑м. Апалягэты пуцінскай вялікадзяржаўніцкай палітыкі імкнуцца ўключыць дзеля сваіх мэтаў у сучасную гісторыю Расеі ўсё: ад Бізантыі і Кіеўскай Русі, улучна зь Яраславам Мудрым, ад апрычніны Івана Грознага і царскай дынастыі Раманавых да Вялікай сацыялістычнай рэвалюцыі, раскулачваньня (але бяз голаду, якога, канечне, не было), Другой усясьветнай і халоднай войнаў, заваяваньня космасу, ядзерных выпрабаваньняў, братэрскай інтэрнацыянальнай дапамогі Чэхаславаччыне і Аўганістану. Вось толькі гарбачоўскі і ельцынскі пэрыяды ня вельмі хоча ўспамінаць цяперашняя расейская намэнклятура, цалкам абавязаная сваім становішчам і ўзбагачэньнем Ельцыну. Ну і, канечне, сьнежань 1991 году, Віскулёўскія пагадненьні пра СНД. Іх ня толькі ня хочуць успамінаць, іх хочуць перагледзець пост‑фактум, наяўным парадкам. Што ўласна кажучы, ужо й зрабіў Крэмль, прызнаўшы незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

Лібэральная інтэлігенцыя, якая клянецца ў вернасьці ідэалам рэвалюцыі 1991‑га, па сутнасьці, ня хоча прызнаць, што савецкая, сталінісцкая частка гісторыі Расеі нікуды не падзелася, што сталінізм, у крыху мадэрнізаваным і падмаляваным выглядзе, зноў навязваецца Крамлём народам Расеі і навакольным краінам у якасьці адзіна правільнай мадэлі існаваньня. Гэта і ёсьць яе цывілізацыйны выбар. Прызнаваць гэтага ня хочацца, бо гэта азначае прызнаць крушэньне сваіх дэмакратычных ідэалаў і ілюзіяў.

Да «гарачай вайны» Захаду з Расеяй справа, відаць, сапраўды ня дойдзе, як і да поўнамаштабнай «халоднай». Але ж і дзіўная халаднаватая вайна доўга працягвацца ня можа. Хто ў ёй прайграе — ясна ўжо цяпер. Расейскія танкі ў разбураным грузінскім Горы, на фоне помніка Сталіну каля музэю ягонага імя ў ягоным родным горадзе — знак таго, што кола гісторыі замкнулася. Праз 130 гадоў з дня нараджэньня Ёсіфа Джугашвілі набліжаецца заканчэньне створанай ім імпэрыі.

Лепшую дэкарацыю для гэтага цяжка было прыдумаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?