Згодна з ацэнкай Нацыянальнага кадастравага агенцтва, самым дарагім горадам Беларусі па кошце зямлі з'яўляецца Менск. У першую тройку на 1 ліпеня 2016 года ўваходзяць Горадня і Салігорск, паведамляе ej.by.

У рамках даследавання, як паведамляецца, была праведзеная кадастравая ацэнка зямель пад жылой сядзібнай нерухомасцю для 202 гарадскіх населеных пунктаў, а таксама 23 181 сельскага населенага пункта.

Паводле звестак, лідарам у памеры кадастравага кошту зямельнага ўчастка, выдадзенага для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома (жылой сядзібнай забудовы) з'яўляецца горад Менск. Кадастравы кошт сярэдняга зямельнага ўчастка на тэрыторыі горада Менска плошчай 0,10 га будзе раўняцца 90 000 даляраў.

Другое месца заняла Горадня з 15 900 далярамі, а трэцяе, абагнаўшы іншыя абласныя гарады, — Салігорск. Кадастравы кошт участка плошчай 10 сотак у горадзе гарнякоў склаў 15 100 даляраў.

У першую дзясятку самых дарагіх гарадскіх населеных пунктаў краіны ўвайшлі таксама Берасце (14 700 даляраў), Мачулішчы (14 200), Фаніпаль (11 600), Гомель (11 400), Віцебск (11 200), Пінск (10 100) і Ліда (9 900).

У першай дзясятцы не аказалася Магілёва, які з коштам дзесяці сотак 9 400 даляраў, стаў толькі 11-м.

Сярод сельскіх населеных пунктаў першынство ў памеры кадастравага кошту сярэдняга зямельнага ўчастка плошчай 0,25 га, выдадзенага пад жылую сядзібную нерухомасць, займае пасёлак Сонечны Менскага раёна — 100 700 даляраў за такі ўчастак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0