Магчымасьць самому выбіраць прадметы — вось што мне найбольш падабаецца ў навучаньні ў Амэрыканскім унівэрсытэце. Табе кажуць: вось два прадметы абавязковыя, вось дзьве эканомікі, статыстычны аналіз і мэнэджмэнт, а астатняе — выбірайце самі. І выбіраць ёсьць з чаго, глядзіце якія цікавыя прадметы:
- State Building (Дзяржбудаўніцтва)
- Стратэгіі і тактыкі міжнародных палітычных перамоваў
- Палітыка ў кібэрпрасторы і кібэрканфлікты
- Паўстаньні і контарпаўстаньні
- Культурная і і публічная дыпляматыя
- Big Data альбо Data Driven журналістыка
- Палітычны сьпічрайтынг і мэнэджмэнт выбарчых кампаніяў
Выбіраць прадметы можаш зь любога факультэту, неабавязкова са свайго. Так, напрыклад, у мінулым сэмэстры у мяне былі курсы ў Школе камунікацыі, Школе грамадзкага кіраваньня і Бізнэс-школе, а ў гэтым сэмэстры я маю заняткі ў Школе міжнародных адносінаў і Дзяржаўнага кіраваньня.
Мала таго, калі ў тваім унівэрсытэце няма патрэбнага курсу, можна прайсьці яго ў іншым унівэрсытэце Вашынгтону без дадатковай аплаты. Паміж імі ёсьць дамова, і студэнты Джорджтаўну, Унівэрсытэту Джорджа Вашынгтана ці Амэрыканскага (дзе ўласна я вучуся) гэтым карыстаюцца. Праз два тыдні, я спадзяюся трапіць на джорджтаўнскі курс вядомага палітоляга Андэрса Осьлюнда пра рынкавыя рэформы ў постсавецкіх краінах, а вясной - Кенэта Ялавіца, былога амбасадара ЗША ў Беларусі, пра вырашэньне канфліктаў ва Ўсходняй Эўропе і на Каўказе.
А яшчэ, каб скончыць унівэрсытэт, трэба напісаць дыплём, альбо выканаць так званы «практыкум». Фірмы і дзяржаўныя ўстановы замаўляюць факультэту праекты, якія рыхтуюць студэнты пад кіраўніцтвам прафэсароў. У сераду я разам з групай студэнтаў пачынаю працаваць над праектам для Міністэрства абароны ЗША - прысьвечаны Кітаю і Расеі. Каардынатар — палкоўнік, які адразу папярэдзіў, што цацкацца ня будзе, а дэдлайны — сьвятое.





