Вярхоўны суд Кеніі упершыню ў гісторыі краіны ануляваў вынікі нядаўна прайшоўшых прэзідэнцкіх выбараў. Суд спаслаўся на парушэнні пры іх правядзенні і пастанавіў, што новыя выбары трэба правесці на працягу 60 дзён, паведамляе ВВС.
У мінулым месяцы выбарчая камісія абвясціла пераможцам выбараў Ухуру Кеніята, для якога гэта быў бы ўжо другі тэрмін прэзідэнцтва.
Кандыдат ад апазіцыі Раіла Адзінга сцвярджаў, што інтэрнэт-сістэма выбарчай камісіі была ўзламаная, каб паўплываць на вынікі выбараў.
У Кеніі — найбуйнейшай эканоміцы Усходняй Афрыкі — спробы апратэставаць вынікі выбараў здараюцца не першы раз.
У 2007 годзе той жа Адзінга, прайграўшы выбары тагачаснаму прэзідэнту Мваі Кібакі, не пагадзіўся з вынікамі і не прызнаў паразу.
У выніку сутыкненняў паміж прыхільнікамі двух кандыдатаў загінулі каля 1500 чалавек.
Адзінга не быў згодны з вынікамі па меншай меры трох мінулых выбараў.





