Віцэ-прэм'ер Расіі Аркадзь Дварковіч заявіў, што Расія сёлета паставіць Беларусі 24 мільёны тон нафты згодна з балансам, перадае РІА «Навіны».
«У нас у балансе 24 мільёны тон, пра схему не скажу. А як гэтыя 24 млн размяркоўваюцца паміж заводамі і іншымі кірункамі — гэта пытанне беларускага боку», — адзначыў ён.
Па словах Дварковіча, невялікія адхіленні заўсёды могуць быць, але яны «не будуць істотнымі».
У красавіку Масква і Мінск падпісалі дакументы, якія ўрэгулявалі рознагалоссі ў нафтагазавай сферы. Бакі ў тым ліку дамовіліся аб аднаўленні паставак нафты з Расіі да ўзроўню ў 24 млн тон у год.
У жніўні намеснік міністра энергетыкі Расіі Анатоль Яноўскі заяўляў, што пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь у бягучым годзе могуць скласці і менш за 24 млн тон, усё залежыць ад Мінска і яго патрэбаў.





