Брат экс-прэзідэнта Грузіі Давід Саакашвілі пакінуў Пячэрскі райаддзел Дзяржаўнай міграцыйнай службы ў Кіеве, куды яго раней даставіла паліцыя. Пра гэта паведаміў паплечнік спадара Саакашвілі Давід Сакварэлідзэ.
«Ён паехаў дадому, паколькі няма акта, які фіксуе яго затрыманне. І будзе працягваць жыць і працаваць у Украіне», - сказаў спадар Сакварэлідзэ журналістам.
На пытанне, ці былі ў Давіда Саакашвілі законныя падставы знаходзіцца ва Украіне, спадар Сакварэлідзэ адказаў: «Так. Тры гады чалавек спакойна пражываў на тэрыторыі Украіны».
Раней у МУС Украіны паведамілі, што супрацоўнікі Нацпаліцыі Кіева даставілі Давіда Саакашвілі ў дзяржаўную міграцыйную службу, паколькі яго від на жыхарства быў ануляваны.
Міхаіл Саакашвілі назваў працэдуру затрымання свайго брата і дастаўку яго ў міграцыйную службу «цалкам незаконнымі».
Паводле слоў прадстаўніка МУС, від на жыхарства Давіда Саакашвілі ў Украіне анулявалі яшчэ ў сакавіку на падставе таго, што раней яго пазбавілі дазволу на працу ва Украіне.
Зараз вырашаецца пытанне аб «вяртанні замежнага грамадзяніна ў любую краіну, у якую ён захоча», удакладніў ён.





