У мінулую суботу — 2 верасня — у Мінску прайшоў фестываль грузінскай гастранамічнай культуры «Тбілісоба Баржомі — 2017». Трэці год запар беларусы атрымалі магчымасць пазнаёміцца з культурнымі асаблівасцямі сонечнай Грузіі, а таксама з выбітнымі дзеячамі грузінскай сучаснасці. Адзін з такіх дзеячоў, хто сёлета завітаў на «Тбілісобу» — папулярны грузінскі музыка, прадзюсар і з нядаўніх часоў дызайнер Кахабер Цыскарыдзэ. «Наша Ніва» пагутарыла з творцам пра грузінскую культуру, прыгажосць беларусак ды сакрэты паспяховага тайм-менеджменту.

НН: Вы ў суботу радавалі мінчукоў паказам аўтарскай калекцыі адзення, якая стала сенсацыяй на Tbilisi Fashion Week — 2017. Чаму вы, наогул, вырашылі падацца з музыкі ў моду і ў чым, на ваш погляд, сакрэт такога хуткага поспеху калекцыі?

КЦ: Гэта мая дэбютная калекцыя адзення. Не ведаю, наколькі гэта сенсацыя, але сказаў бы, што яна нарадзілася найперш з музыкі. У мяне ёсць свой музычны накірунак, стваральнікам якога я з’яўляюся — грузінскі электра-фолк. У свой час я мадэрнізаваў грузінскую фальклорную музыку, а следам неяк прыйшла ідэя мадэрнізаваць і старажытнае грузінскае адзенне. Я проста захацеў народную культуру наблізіць да сучаснасці.

Мне падабаецца мода, таксама як і падабаецца музыка. Я даўно хацеў стварыць нешта аўтарскае ў накірунку моды, і вось нарэшце свет пабачыла першая калекцыя. Я лічу, што яе настолькі хуткі поспех абумоўлены ў першую чаргу маёй уласнай папулярнасцю ў Грузіі: мяне там ужо дваццаць гадоў ведаюць як артыста, таму, канешне, мой уласны брэнд паўплываў на хуткую папулярнасць адзення, створанага маімі рукамі і названага маім імем — Kakhaber. Да таго ж, я яшчэ прафесійны піяршчык і рэкламіст, таму ведаў, як правільна паднесці навінку на рынак, і зрабіў гэта. І ўжо праз тыдзень пасля выхаду калекцыі я атрымаў запрашэнне выступіць на Tbilisi Fashion Week, і яшчэ праз адзін тыдзень калекцыя была прадстаўлена там. Атрымалася так, што я першы артыст у Грузіі, хто выпусціў свой «лайн» адзення ад свайго імені.

Стыль адзення — мадэрнізаваны фолк. Пасуе для свабодных людзей, для якіх важны і камфорт, стыль, і ўласная адметнасць — бо ўсё гэта я ўклаў у калекцыю. Узрост абсалютна не важны. Мая калекцыя адзення такая ж універсальная ў гэтым плане, як і мая музыка.

НН: Якія дзяўчыны больш прывабныя: грузінкі ці беларускі?

КЦ: Мне вельмі падабаюцца беларускі, яны вельмі жаноцкія, але я б не параўноўваў. У кожных — сваё. Разнастайнасць натхняе больш, чым параўнанне. Я ж творчы чалавек, таму натхненне для мяне — першасная рэч.

НН: Ці адпавядае знешні выгляд беларусаў вашаму густу? Якія парады вы далі б у плане стылю?

КЦ: На мой погляд, у Беларусі хапае стылёвай моладзі.

Напрыклад, у мяне ёсць сябры — гурт «Šuma». Яны вельмі таленавітыя, вельмі стылёвыя, сучасныя. Я б сказаў, што найлепшыя на ўсёй постсавецкай прасторы. Але, на жаль, беларусам не хапае імпэту, каб прасоўваць сваіх. Вам трэба прасоўваць такіх таленавітых маладзёнаў, каб пра іх ведала больш людзей.

Мне вельмі падабаецца іх стыль, зыходзячы з таго, што гэта мадэрнізаваная версія фальклору. Я граю часам трэкі «Шумы», мы нават разам сустракалі новы год у Тбілісі па маім запрашэнні.

НН: Як вам Беларусь?

КЦ: Я другі раз у Беларусі, мне вельмі падабаецца. Падабаецца гэтая цеплыня ды стасункі, якія тут прысутнічаюць паміж людзьмі. Я тут знаходжу ўсё болей кантактаў, сяброў, а таксама натхнення.

І мы будзем яшчэ больш стасавацца, асабліва калі я стану — а я думаю, што павінен стаць мэрам горада Батумі [Кахабер балатуецца сёлета ў мэры Батумі — НН] — у нас вельмі шмат будзе агульных актыўнасцяў.

НН: Самая дарагая рэч з вашай калекцыі?

КЦ: Мая калекцыя недарагая ў цэлым, адзенне даступнае, у прынцыпе, усім: цана невысокая. У дадатак да адзення я ажыццявіў ініцыятыву, накіраваную на папулярызацыю грузінскіх мастакоў. Я вырашыў вырабіць шалікі з прынтамі іх работ. Гэтыя мастацкія шалікі — самыя дарагія рэчы ў маёй калекцыі. Матэрыял шаліка — шоўк, цана — каля ста даляраў. Для мяне гэта не проста камерцыйны праект, але і важная культурная місія — папулярызаваць Грузію праз яе творцаў.

НН: А самі ў што любіце апранацца?

КЦ: Апошнім часам я заўважаю, што апроч сваёй вопраткі я нічога не нашу, бо мне ў ёй настолькі камфортна, што няма патрэбы проста набываць нешта іншае. Я ствараў гэтае адзенне, як кажуць, для сябе, таму мне ў ім вельмі камфортна. Наогул, люблю апранацца ў грузінскіх дызайнераў, сярод якіх ёсць шмат маіх сяброў, напрыклад, Лаша Ёкхадзэ, які таксама ў суботу прадставіў на «Тбілісоба Баржомі» калекцыю жаночай вопраткі — ён проста прыўкрасны.

НН: Навошта такія фестывалі, як «Тбілісоба Баржомі» патрэбны іншым краінам і, у прыватнасці, Беларусі?

КЦ: Народы павінны папулярызаваць культуру адны адных. Любая культура мусіць развівацца праз дыялог з іншымі культурамі. Я вельмі ўдзячны арганізатарам фестывалю, што мяне запрасілі ўжо другі раз. Мне заўжды хочацца сюды прыехаць, паказаць сябе і сваю культуру. Я ўдзячны за цеплыню, за прыём, які мне тут далі, гэта мае вялікае значэнне для маёй творчасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?