Біблію Францыска Скарыны, выдадзеную ў Празе ў 1517 годзе, даставілі сёння ў Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, перадае БЕЛТА.

З сярэдзіны ХІХ стагоддзя кніга захоўвалася ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве. Яе прывезлі ў Мінск спецыяльна для выставы «Беларусь: адраджэнне духоўнасці».

«Даставіць у музей першую друкаваную Біблію Францішка Скарыны было для нас задачай нумар адзін, калі мы пачалі працаваць над выставай. Мы хацелі паказаць станаўленне духоўнасці беларускага народа, пачынаючы ад дахрысціянскага перыяду. Вядома, не маглі не прадставіць працу Францыска Скарыны», — падкрэсліла намеснік дырэктара па навуковай рабоце Нацыянальнага гістарычнага музея Ніна Калымага.

Для захоўвання ўнікальнага помніка кнігадрукавання створаныя ўсе неабходныя ўмовы. «Пад каўпаком у вітрыне будзе падтрымлівацца тэмпература 15-17 градусаў цяпла і вільготнасць 50-60%», — распавяла намеснік дырэктара музея.

Кніга будзе прадстаўленая наведвальнікам да снежня. Таксама на выставе можна ўбачыць дзейны друкарскі станок, з дапамогай якога кожны зможа вырабіць копію гравюры беларускага першадрукара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0