Сёння Мінскі абласны суд вынес вердыкт па крымінальнай справе аб прычыненні шкоды «Беларуськалію» ў буйным памеры. Пяць фігурантаў прысуджаныя да розных тэрмінаў адбыцця пакарання.

Крымінальная справа была заведзена ў 2015 годзе ў дачыненні да дырэктараў ААТ «Смалявічы-Сузон» і ТАА «Верасень-Сэрвіс» Казіміра і Антона Сабалеўскіх, іх бухгалтараў Любові Кірыленка і Наталлі Шутавай і менеджара Андрэя Касцяневіча. Па версіі следства, родныя браты Сабалеўскія стварылі ў 2010 годзе «ўстойлівую арганізаваную злачынную групу», закуплялі калійныя ўгнаенні ў «Беларуськалія» і прадавалі не беларускім сельгаспрадпрыемствам, а па фальшывых дакументах - у Расію. Шкода «Беларуськалію» склала больш за 700 тысяч долараў.

Сёння суд прыгаварыў Казіміра Сабалеўскага па сукупнасці злачынстваў да 9 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму, канфіскацыі маёмасці і штрафу ў 23 тысячы рублёў. Любоў Кірыленка атрымала 7 гадоў калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 16,1 тыс. рублёў. Антон Сабалеўскі прысуджаны да 5 гадоў і 6 месяцаў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму і канфіскацыі маёмасці. Шутава і Касцяневіч атрымалі па 3 гады без канфіскацыі. Жанчына будзе адбываць астатнюю частку пакаранні ў калоніі агульнага рэжыму, мужчына — узмоцненага. Акрамя таго, суд пастанавіў спагнаць салідарна з Казіміра Сабалеўскага і Любові Кірыленка за 1,4 млн рублёў на карысць «Беларуськалія».

Раней фігуранты справы заяўлялі, што не разумеюць, пра якую шкоду можа ісці гаворка, калі ў 2010 годзе склады «Беларуськалія» былі забітыя ўгнаеннямі і прадпрыемства дасылала лісты ў «Смалявічы-Сузон» з просьбай разгрузіць іх склады, бо вытворчасць немагчыма спыніць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?