Асобы:
Сцяпан
Ліля
Уладзік — іх сын-школьнік
Зойка — яго сяброўка
Бабуля
Рыгор — іх сусед
Інспектар Жылінскі
Поп
Манашка
Ісус Хрыстос
Сталін
Гітлер
Помнікі
Беларуская кватэра ў беларускім доме.
Злева кухня, праз дзвярную пройму бачная газавая пліта і мыйка.
Тамсама, толькі бліжэй да авансцэны, на табурэтках труна без вечка, у якой, склаўшы «па-нябожчыцку» рукі, ляжыць бабуля.
Пасярэдзіне сцэны круглы стол, накрыты абрусам, які спадае да падлогі, і крэслы. За ім у глыбіні канапа і тэлевізар.
Справа ўваходныя дзверы з электрычным званком.
Уваходзіць Ліля з вялікай гаспадарчай сумкай.
Ліля: А вось і я! Мама, чуеш? (Падыходзіць да стала, ставіць сумку на крэсла.) Ну як ты тут? Зачакалася, напэўна. І галодная нябось. Але нічога, зараз я цябе пакармлю (выкладвае з сумкі на стол талеркі з закускамі, загорнутыя ў цэлафан, пакункі, рондлік, слоікі, затым, скінуўшы сумку на падлогу, сядае на крэсла). Вось толькі пасяджу крышку, хвілінку, мама, не болей. Прыстала нешта сёння, як ніколі. Але што ты хочаш — цалюткі дзень на нагах. Затое ото ўжо былі памінкі дык памінкі! Ого, мама, ажно двесце чалавек гасцей. Сталы проста ламаліся. Адных мясных стараў пяць (думае)… не, шэсць падавалі: і катлеты, і адбіўныя, і мяса па-французску, і галубцы, і… А я табе ведаеш што прынесла? Не? А ты здагадайся. Ну, ну? Так, твае любімыя кілбаскі з часнаком і кменам. Я ж іх сама круціла і, мама, клянуся, ні часнаку, ні кмену не шкадавала. Зараз пасмакуеш. Дзе яны? (Шнырыць вачыма па стале, пасля зрывае з адной талеркі цэлафан.) Ага, тута! О-о, як сабе хочаш, але пальчыкі абліжаш. Бо і бульбяное пюрэ, вядома, не забылася. А як жа. Вось, дарэчы, і яно (зняўшы вечка рондліка, накладвае на талерку пюрэ). Табе, мама, разагрэць ці холодным з’ясі? Га? Халодным, кажаш? Добра, як хочаш. (Падышоўшы да труны, бярэ з ног падушку, якую, пасадзіўшы маці, падкладвае той пад спіну, затым варочаецца да стала па крэсла, якое ставіць пры труне, а другі раз па талерку і, нарэшце, сеўшы на крэсла, корміць бабулю з лыжкі.) Ну, лыжачку за мяне. А цяпер за Сцяпана. Ён жа так стараецца, цягне, гаротнік, лямку з усіх сілаў… Ага, маладзец. Не, не ён маладзец, а ты, мама. Ну і за сыночка нашага, твайго ўнучка, каб усяго яму ўсягенькага, каб рос вялікім-прывялікім, быў паслухмяным і не выракаўся бацькоў. Эх, яшчэ трошкі засталося. Не выкідаць жа ежу. Гэта, да ўсяго, вялікі грэх. А давай, мама, лыжачку за прэзідэнта. (Маці адмоўна круціць галавой.) Не, мама, за прэзідэнта круці не круці, а мусіш, гэта святое. Каб даў бог яму здароўечка і… і шмат-шмат розуму. Праўда, розуму ў яго і так багата, дык здароўечка і… і шчасця ў асабістым жыцці.
Ну і апошнюю лыжачку за нашага дарагога нябожчыка, які даў нам сённяшні хлеб у выглядзе пюрэ з кілбаскамі з часнаком і кменам. Хай зямля яму будзе пухам і ўсё астатняе. Ну што, пад’ела? Цяпер адпачывай сабе (выцягнўшы падушку з-за спіны, укладвае бабулю па-ранейшаму).
Званок звоніць тры разы.
Ліля: Гэта Сцяпан. (Ідзе адчыняць. Уваходзіць Сцяпан.)
Сцяпан: Даўно прыйшла?
Ліля: Толькі што.
Сцяпан: Але ж мацяру дагледзела.
Ліля: Ага, пакарміла.
Сцяпан: Бачна, уся ў пюрэ.
Ліля: Нічога, не шлюб браць.
Сцяпан: І то праўда (сядае да стала).
Ліля: Стаміўся?
Сцяпан: А ты думала.
Ліля: Галодны?
Сцяпан: Як сабака.
Ліля: Пюрэ з кілбаскамі ёсць.
Сцяпан: З памінак?
Ліля: Адкуль жа яшчэ.
Сцяпан: Давай.
Ліля (наклаўшы пюрэ і кілбасак на талерку): Разагрэць?
Сцяпан: Яшчэ чаго! (Есць.) Ты кілбаскі круціла?
Ліля: Я.
Сцяпан: Відаць, часнаку і кмену не шкадавала.
Ліля: Анягож, я ж яго не купляла.
Сцяпан: Дарэчы, я таксама ворон не лавіў, дваццаць шэсць помнікаў заліў.
Ліля: Ого.
Сцяпан: Дырэктар таксама пахваліў, ганаровую гарамату, паміж іншым, абяцаў.
Ліля: А ты?
Сцяпан: А што я — рады, вядома. Заўтра таксама трэба будзе паспрабаваць не меней заліць, хаця наўрад ці адужаю.
Ліля: А ў нас зноў памінкі.
Сцяпан: Па кім?
Ліля: Па Дзятліку.
Сцяпан: А ён што — памёр?
Ліля: Няўжо ж па жывым.
Сцяпан: Ну, мала што.
Ліля: Не, аддаў, небарака, Богу душу.
Сцяпан: Але калі паспеў?
Ліля: Учора.
Сцяпан: Гм. Учора я з ім пад вечар бачыўся, здароўкаўся нават.
Ліля: Ну вось пасля гэтага, Дзятліха расказвала, прыйшоў, прысеў, вочы заплюшчыў і больш ужо не расплюшчыў.
Сцяпан: Дык, значыцца, седзячы сканаў.
Ліля: Не ведаю, але так ці інакш — адбыў сваё.
Званок звоніць пяць разоў.
Ліля: Хто гэта?
Сцяпан: Ліха яго ведае. (Устае.)
Ліля: Чакай. (Прыбірае ўсё са стала ў сумку і хавае яе пад стол.)
Сцяпан тым часам ідзе адчыняць. Уваходзіць Інспектар.
Інспектар (называецца): Інспектар Жылінскі.
Сцяпан: Праходзьце.
Ліля: Вельмі радыя. Сядайце.
Інспектар: Не, дзякую, часу ні каліва. (Дастае з кішэні нататнік з алоўкам.) Яшчэ дзевяноста дзве кватэры абысці.
Ліля: Дзевяноста дзве?
Інспектар: Менавіта.
Ліля: А-я-яй.
Інспектар: Нічога не зробіш, такая праца.
Сцяпан: Так, так, у кожнага сваё рамяство.
Інспектар: Ног, лічыце, не маю — не ступы, а адзін суцэльны мазоль (сядае на крэсла і, сцягнуўшы з нагі чаравік і шкарпэтку, паказвае скалечаную нагу). Во.
Ліля (пляснуўшы рукамі): Божа!
Інспектар: А вы кажаце! (Нацягвае шкарпэтку, абувае чаравік.) Ну, паказвайце лічыльнікі.
Ліля: Прашу на кухню. (Выходзіць з інспектарам на кухню.)
Голас інспектара: Дык вы вады, выходзіць, амаль што і не спажылі.
Голас Лілі: Эканомім.
Голас інспектара: Ну хоць гарбату п’яце?
Голас Лілі: Калі-нікалі.
Сцяпан: Яшчэ кілішкі мыем.
Інспектар (выглянуўшы з кухні): Кілішкі? А самі ці мыецеся?
Сцяпан (паціснуўшы плячыма): Асабіста я і так цэлы дзень каля вады — помнікі заліваю.
Голас Лілі: І ў нас у сталоўцы вады — хоць заліся.
Інспектар: Гэта іншая справа. (Хаваецца.)
Голас Лілі: І гарачай, і халоднай.
Голас інспектара: Само сабой. А газ?
Голас Лілі: Таксама стараемся лішні раз не паліць, баімося, раптам выбухне.
Голас інспектара: Увогуле, здараецца. (Выходзіць, за ім Ліля.)
Сцяпан: Яшчэ як! У нас на працы балон з прапанам выбухнуў.
Інспектар: Калі?
Сцяпан: З месяц таму.
Інспектар: Не чуў.
Сцяпан: Нават ў газеце пісалі.
Інспектар: У якой?
Сцяпан: Не ведаю, я газет не чытаю.
Інспектар: І я. Дык сам выбухнуў, ці што?
Сцяпан: А хто яго ведае: стаяў-стаяў сабе, а потым як бабахне.
Інспектар: Бабахне?
Сцяпан: Ага. Дык будку ўшчэнт разнёс.
Іспектар: Якую будку?
Сцяпан: Сабачую. У нас там сабака ў будцы жыў, Жулік, вось ягоную будку і…
Інспектар: Што?
Сцяпан: Нічога, акрамя таго, што сабака без будкі застаўся.
Інспектар: Шчымлівая гісторыя.
Сцяпан: Так, але яшчэ не ўся. Недзе праз тыдзень проста азвярэў.
Інспектар: Хто, сабака?
Сцяпан: Ён. На людзей пачаў кідацца.
Інспектар: А што ж вы хочаце, без будкі хто заўгодна азвярэе (глядзіць на Лілю).
Ліля: Пэўна.
Сцяпан: Яшчэ добра, што не ў будцы сядзеў, калі бабахнула, а недзе бадзяўся.
Інспектар: Так, пашанцала. Ну, пайду я. У вас усё ў парадку, аплачана і пломбы на месцы. Усяго добрага.
Сцяпан: І вам таксама ўсяго.
Ліля: Заходзьце яшчэ (інспектар выходзіць). Каб ты на карачках хадзіў, каб ў цябе такі мазоль вылез, каб ты адно качаўся.
Сцяпан: Чаго ты ўсхадзілася?
Ляля: Бач, пломбы на лічыльніках правярае, каб яго чэрці на тым свеце праверылі.
Сцяпан: А як жа. І ты на яго месцы правярала б. Ды ў нас інакш нельга. Усё трэба правяраць, правяраць і правяраць. Таму мы не самі па сабе, а кожны па правяраючым мае, каб калі дзе што не тое як трэба — ён тут як тут.
Ліля: А правяраючага?
Сцяпан: Што правяраючага?
Ліля: Хто правярае, ці ён ніколі не памыляецца, не хібіць?
Сцяпан: У яго таксама правяраючы ёсцека.
Ліля: А ў таго?
Сцяпан: І ў таго.
Ліля: Вось як.
Сцяпан (чухаючы патыліцу): Выходзіць так. Як той казаў, правяраючы на правяраючым сядзіць і правяраючым паганяе.
Званок звоніць сем разоў.
Ліля: Зноў нейкая праверка (ідзе адчыняць).
Уваходзіць Поп, за ім манашка, якая вядзе на вяроўцы Ісуса Хрыста з крыжам на плячы.
Поп (спявае): Благоденственное і мірное жітіе, здравіе же і спасеніе…
Манашка: Подайце Яго раді. (Тузае Хрыста за вяроўку.)
Поп (спявае): …і во всём благое поспешеніе…
Ліля: Што падаць?
Манашка: Что можете і сколько можеце. (Тузае Хрыста за вяроўку.)
Поп (спявае): Подаждь, Господі, рабу твоему і сохрані яго на многая і благая лета.
Ліля: Дык мо кілбасак возьмеце, кілбасакі ў мяне з часнаком і кменам засталіся (лезе па сумку пад стол).
Манашка: Што вы, деньгі, деньгі давайце. (Тузае Хрыста за вяроўку.)
Поп (спявае): Многая, многая, многая лета!
Ліля: Дзеньгі? Не ведаю я ніякіх дзеньгаў. Няма ў нас.
Поп (спявае): Сохрані его, Господі! Прості ему, Господі!
Манашка: Так рублі же, ілі долары, тоже можно. (Тузае Хрыста за вяроўку.)
Ліля: А, вось што. Не, не маем такіх. Пару капеек, праўда, знойдзецца. (Дастае з кішэні капейкі і кладзе ў руку манашцы.)
Поп (спявае): Многае, многае, многае лета!
Манашка (пагардліва): Ну, спасібо! (Тэатральна кланяецца.) Большое-пребольшое спасібо! (Злосна тузае Хрыста за вяроўку.) Ідем.
Поп (спявае): Многае лета!
Манашка (да папа): Тіхо! Хватіт уже.
Поп, манашка і Хрыстос выходзяць.
Ліля: Бач, прашмандоўка, рублёў захацела, пагатоў даляраў.
Сцяпан: Мо трэба было даць колькі?
Ліля: Надаешся ўсім, яшчэ чаго.
Сцяпан: Зрэшты, твая рацыя. Карачышся ўвесь дзень, карачышся….
Ліля: Цягнеш, цягнеш…
Сцяпан і Ліля (разам): А тут аддай.
Званок звоніць не перастаючы.
Ліля: Гэта сынок! (Ідзе адчыняць.)
Уваходзіць Уладзік са школьным ранцам за спінаю.
Сцяпан: Ну, сынок, як справы, што ў школе?
Уладзік: Вершык вучылі. (Скідае ранец.)
Сцяпан: Які вершык?
Уладзік: Атрадны. (Дэкламуе.)
Піянеры, піянеры!
Свайго краю ўладары.
Берагчы краіну мусім,
Мы за праўду змагары.
Э-э… Я — піянер краіны Беларусь.
Служу дабру, служу свайму народу.
Кліч піянера….э-э…: «Заўжды будзь гатоў!»
Ліля: Што ты прычапіўся, не паспела дзіця ў хату ўвайсці, аксціся, хай спачатку паесць. Сырнікі, сынок, са смятанай будзеш?
Уладзік: Буду. (Сядае да стала.)
Ліля (наклаўшы на талерку сырнікаў і паліўшы іх смятанай): А піражкі з капустай?
Уладзік: І піражкі.
Сцяпан (перасеўшы на канапу): Ды нічога я не чапляўся, а хацеў толькі заўважыць, каб стараўся, бо без навукі цяперашнім часам анікуды. (Пазяхае.) Вось хоць мяне ўзяць. (Лягае.) Каб я не ўмеў лічыць, помнікі, нябось, не заліваў бы, бо ў бетонамяшалку за адзін раз маю кідаць дванаццаць шуфляў жвіру, а не адзінаццаць, альбо, скажам, трынаццаць і палову мяшка цэменту. У нас з гэтым вельмі строга, бо, калі недасыпеш, будзе недарасход, а калі перасыпеш — адпаведна, страта. Такім чынам, увесь час лічу, і лічу, і лічу, і лічу. Раз, два, тры, чатыры, пяць (пазяхае)… Дык галава ў канцы дня проста пухне.
Ліля: А я фарш на вока салю і ніколі не памыляюся. Спецыі там розныя таксама: жменю ці дзве кідаю, і заўсёды патраплю, — самае тое атрымліваецца. Еш, сынок, еш.
Сцяпан: Я ўжо не кажу пра гравёра, які надпісы на помніку выразае. Ого голаву трэба мець, не галаву, а дом саветаў, бо варта толькі адну лічбу пераблытаць, ну, да прыкладу, заместа нуля ў 2017 годзе адзінку напісаць, і чорт ведае што атрымаецца…
Ліля: Што чорт ведае што?
Сцяпан: Як? Маўляў, памёр чалавек не ў 2017, а ў 2117годзе — вось што!
Ліля: І праўда. Еш, сынок, еш.
Сцяпан: І літары ведацьмем як свае пяць пальцаў, каб прачытаць, што там на паперцы заказчык накрамзоліў… (Схіляе набок галаву і пачынае храпсці.)
Ліля: Во рулады выводзіць. Паеў, сынок?
Уладзік: Паеў.
Ліля: А ці смачна?
Уладзік: Смачна.
Ліля: Ну, то гуляй сабе.
Уладзік: Не, гісторыю спачатку на заўтра павучу, а потым ужо пагуляю.
Ліля: Ну то вучы сабе, вучы.
Ліля прыбірае ўсё са стала ў сумку, якую хавае пад стол, і залазіць у тэлевізар, так што яе больш на сцэне не бачна.
Уладзік тым часам, крыху пасядзеўшы за сталом, падыходзіць да бабулі: паказвае ёй язык, грымаснічае, але гэта хутка яму надакучвае. Тады ён варочаецца да стала і дастае з ранца кніжку.
Званок звоніць моцна адзін раз.
З тэлевізара выглядвае Ліля.
Уладзік: Гэта да мяне. (Ідзе адчыняць. Ліля хаваецца ў тэлевізары.)
Уваходзяць Сталін і Гітлер.
Сталін: Харошы мальчык (гладзіць Уладзіка па галаве).
Гітлер: Gut, Kinder, gut! (Таксама гладзіць.)
Утрох яны сядаюць за стол, і Уладзік, раскрыўшы падручнік, чытае, водзячы пальцам па радках, а Гітлер і Сталін не гучна, але душэўна спяваюць: Сталін —рускую народную песню «Катюша», Гітлер — нямецкую народную песню « Bruder, lasst uns lustig sein».
Уладзік (бубніць): Несправядлівасць Версальска-Вашынгтонскай сістэмы паставіла многія народы ў зняважлівае становішча, спрыяла прыходу да ўлады сіл, якія імкнуліся да рэ-рэваншу, новага падзелу свету…
Сталін:
Расцвыталы яблыны ы грушы,
Паплылы туманы за ракой.
Выхадыла на бэрэг Катуша,
На высокы бэрэг, на крутой…
Гітлер:
Bruder, lasst uns lustig sein,
Weil der Fruhling wahret,
Und der Jugend Sonnenshein
Unser Land verklaret…
Уладзік (бубніць): Бітва пачалася 16 красавіка, а трэцяй гадзіне раніцы па берлінскім часе. Пры святле пражэктараў у атаку пайшлі танкі і пяхота. Бой працягваўся ўвесь дзень і не заціхаў уначы… (Закрывае падручнік.)
Сталін і Гітлер устаюць. Сталін дастае з кішэні люльку, раскурвае яе, пасля чаго абодва выходзяць.
Уладзік засоўвае падручнік у ранец. З тэлевізара вылазіць Ліля.
Выцягнушы з-пад стала сумку, яна дастае піражок з капустай, хавае сумку пад стол і варочаецца ў тэлевізар.
Званок звоніць два разы.
З тэлевізара выглядвае Ліля.
Уладзік: Гэта да мяне. (Ідзе адчыняць. Ліля хаваецца.)
Уваходзіць Зойка.
Зойка: Урокі вывучыў?
Уладзік: Прачытаў. А ты?
Зойка: І я прачытала. Пагуляем?
Уладзік: Давай.
Зойка: У што?
Уладзік: У жаніха і нявесту.
Зойка: Згода.
Уладзік: Ты лягай першай.
Зойка: Добра. (Кладзецца на падлогу і складваве «па-нябожчыцку» рукі.) Усё, памерла. Нясі кветкі.
Уладзік: А вянок?
Зойка: І вянок.
Уладзік (паклаўшы ля Зойкі ўяўныя кветкі і вянок, пачынае румзаць): Гы-гы.. У-у-у…
Зойка (ускочыўшы на ногі): Не, не так, мужчыны не плачуць.
Уладзік: А што робяць?
Зойка: Нічога: прыносяць кветкі, вянкі, кладуць і ідуць.
Уладзік: Куды ідуць?
Зойка: За стол сядаць.
Уладзік: А-а-а!!!
Зойка: Цяпер ты кладзіся. (Уладзік кладзецца на падлогу. Зойка галосіць, ламаючы рукі.) А мой ты, міленькі! А мой ты, родненькі! А на каго ты мяне пакінуў, з дзецьмі маленькімі? А хто іх будзе карміць — паіць- даглядаць? А што ж мне рабіці? А як даць радачкі? (Плача горкімі слязамі.)
З тэлевізара вылазіць Ліля.
Ліля: Гуляеце?
Уладзік: Гуляем.
Ліля: Ну, гуляйце, гуляйце. (Бярэ з сумкі піражок і зноў лезе ў тэлевізар.)
Зойка (выцершы слёзы): Хадзем да мяне, мае кудысь выправіліся, штось пакажу.
Уладзік (прыпадняўшыся): Што?
Зойка: Дай вуха (нахіляецца і шэпча Уладзіку на вуха).
Уладзік (падскочыўшы): Ну? Гайда!
Уладзік і Зойка выходзяць.
Некаторы час на сцэне зацішша, чутно толькі, як пахрапвае Сцяпан, потым звоніць званок.
Сцяпан (падхапіўшыся): Каго там яшчэ чорт прынёс? (Ідзе адчыняць.)
Уваходзіць Рыгор.
Рыгор (кінуўшы туды-сюды вокам): Твая дзе?
Сцяпан: У тэлевізары сядзіць.
Рыгор: Мая тамсама. Як залезла, са смены прыпёршыся, дык не вылазіць. Ось я і падумаў: ці не зайсці да цябе.
Сцяпан (пазяхнуўшы і пацягнуўшыся): Зайшоў дык зайшоў.
Рыгор: І не так, вядома, а праз краму (дастае з кішэні пляшку і ставіць яе на стол).
Сцяпан (устрапянуўшыся): З гэтага трэба было і пачынаць. Я мігам. (Знікае ў праёме на кухню.)
Рыгор падыходзіць да труны, углядаецца, потым махае перад тварам бабулі рукой. Бабуля нічога ніякага.
Тым часам з кухні з кілішкамі выходзіць Сцяпан.
Рыгор варочаецца да стала.
Рыгор (напоўніўшы кілішкі): Ну, будзьма!
Сцяпан: Будзьма!
Выпіваюць.
Рыгор: Эх, няма нічога лепшага для здароўя кішак.
Сцяпан: Не, няма.
Рыгор (наліваючы наноў): І на сэрца толькі ў станоўчым кірунку ўплывае.
Сцяпан: Толькі ў станоўчым, толькі так.
Рыгор: На сасуды, клапаны там і ўсё іншае як найлепей уздзейнічае.
Сцяпан: Ага.
Рыгора: Я вось неяк кідаў выпіваць, памятаеш?
Сцяпан: Не.
Рыгора: Дзень не п'ю, два, тры.
Сцяпан: Ого.
Рыгор: Чатыры, пяць…
Сцяпан: Няўжо?
Рыгор: І што ты думаеш на шосты?
Сцяпан: Што?
Рыгор: Сэрца не вытрымала.
Сцяпан: Ну?
Рыгор: Натуральна.
Выпіваюць. З тэлевізара вылазіць Ліля.
Рыгор паспешліва прыбірае са стала бутэльку, а Сцяпан кілішкі, але Ліля — стрэляная вераб’іха, яе на мякіне не правядзеш.
Ліля: І калі вы ўжо наглыкчацеся?
Сцяпан (убок): Калі ты наясіся. (Услых.) Ды мы так, па адным кілішку, чыста сімвалічна.
Ліля: Ведаю я вашыя адныя кілішкі. Глядзіце ў мяне.
Дастае з-пад стала сумку, бярэ піражок, але затым перадумвае і з сумкай залазіць у тэлевізар.
Сцяпан: Бачыў мегеру?
Рыгор: От, не зважай. Нават сам (падымае са значэннем палец угару) казаў, што ў меру, па пару кілішкаў, не толькі не шкодна, а наадварот — карысна.
Сцяпан (прасачыўшы за пальцам): Сам? Няўжо так і казаў?
Рыгор: Я што, выдумляць буду? Сваімі вушамі чуў.
Сцяпан: Ну, калі так… Найвыдатнейшага розуму чалавек.
Рыгор: Не кажы, проста другога такога ва ўсім свеце не знайсці. (Напаўняе кілішкі.)
Сцяпан: Не, такога другога няма. Дык вось у мяне ў сувязі з гэтым пытанне.
Рыгора: Задавай.
Сцяпан: Як жыць без яго бу-дзем?
Рыгор (агаломшана): А хіба ён памёр?
Сцяпан: Не, але ж калісь павінен.
Рыгор (пасля паўзы): Так, павінен.
Сцяпан: Дык што?
Рыгор: Не ведаю.
Сцяпан: Вось і я сумняваюся: ці будзем мы, як яго не стане?
Рыгор: А халера яго ведае. Зрэшты, там пабачым. А пакуль давай за яго. (Падымае кілішак.)
Сцяпан: Давай. (Падымае свой.)
Рыгор: Каб жыў, жыў і жыў…
Сцяпан: І каб мы жылі, жылі і жылі…
Рыгор: І не паміралі.
Сцяпан: Так, так. Ты ўяўляеш, колькі я помнікаў залью, калі не памру?
Рыгор: Колькі?
Сцяпан (ускоквае на ногі): Мільёны!
Рыгор: Ну?
Сцяпан: Нават больш. (Размахвае рукамі.) Прыкінь: за дзень я заліваю дваццаць пяць помнікаў, сёння нават дваццаць шэсць заліў, дырэктар грамату ганаровую абяцаў, во (паказвае пальцам), на сценку павешу. А за год колькі залью, га?
Рыгор: За год? Калі за дзень дваццаць пяць, дык за год… (Лічыць у розуме, але, відавочна, нешта не сходзіцца, бо спачатку грызе пазногці на руцэ, потым энергічна чэша патыліцу і ў рэшце рэшт прызнаецца.) Цяжкая, бляха, задачка. Зрэшты, калі ў пляшкі перавесці, дык выходзіць (тужыцца, як парадзіха)… э-э-э… м-м-м… чатырыста скрыняў.
Сцяпан: Во! А за дзесяць гадоў! А за сто! За тысячу! Га? Гэта ж незлічоная колькасць помнікаў. (Хапаецца за галаву.)
І тут, без званка ў дзверы, страшэнна шоргаючы каменнымі асновамі, усоўваюцца помнікі, рознай канфігурацыі, велічыні і колеру. Іх столькі, што неўзабаве яны засланяюць сабой усё, так што акрамя іх больш на сцэне нікога і нічога не застаецца.
ЗАСЛОНА.





