Блогер Мікіта @wlkmn (@wlkmn у тэлеграме) абвінаваціў іншага блогера Улада Конаша (Канашэнку), у несумленным правядзенні конкурсу giveaway. У выніку закранутай аказалася і рэпутацыя вядомага беларускага відэаблогера Улада Бумагі, які той конкурс рэкламаваў. Прамоўтары Бумагі лічыць абвінавачванні надуманымі. «Разумнаму чалавеку відавочна, што такія вялікія сумы ніхто не стаў бы ўкладаць у розыгрышы», — сказаў «Нашай Ніве» Зміцер Радчанка, прадстаўнік беларускага агенцтва MediaCube.Network, якое займаецца прасоўваннем Бумагі.

Мікіта хацеў раскруціць свой інстаграм і гатовы быў за гэта плаціць.

Мікіта хацеў раскруціць свой інстаграм і гатовы быў за гэта плаціць.

Што такое giveaway і як на ім зарабляюць

Giveaway, гівэўэй, ці проста гів — гэта розыгрыш прызоў у інстаграме ўзамен за падпіску на старонку — ад англ. giveaway — аддаваць, дарыць. Дзейнічае гэта так. Каб удзельнічаць у латарэі, карыстальнікі павінны падпісацца на старонку «спонсара» — таго, хто прызы раздае. Профіт для спонсара ў тым, што ён такім чынам атрымлівае больш падпісчыкаў, а гэта значыць, прэстыж у сваім асяроддзі.

Апошнім часам гівэўэі ладзяць на камерцыйнай аснове. Тады такі конкурс арганізоўвае не сам уладальнік інстаграма, а спецыяльныя рэкламныя агенцтвы ці іншыя блогеры. У такім разе старонку конкурсу рэкламуюць запрошаныя «зоркі». У выпадку, пра які ідзе гаворка, такім блогерам-«маторам» быў Улад Бумага.

Беларус Улад Бумага — відэаблогер, які актыўна зарабляе на сваёй папулярнасці сярод падлеткаў шляхам удзелу ў рэкламе. На ілюстрацыйным фота — падчас сустрэчы з чытачамі з Мінску.

Беларус Улад Бумага — відэаблогер, які актыўна зарабляе на сваёй папулярнасці сярод падлеткаў шляхам удзелу ў рэкламе. На ілюстрацыйным фота — падчас сустрэчы з чытачамі з Мінску.

Менеджар праектаў прамысловай кампаніі Мікіта@wlkmn жыве і працуе ў Маскве. У інстаграме і іншых сацсетках ён піша пра вандроўкі, архітэктуру, нацыянальную кухню, адметныя стравы. Яго старонка ў інстаграм мае каля 70 тысяч падпісчыкаў. Мікіта раней удзельнічаў у некалькіх giveaway і заставаўся задаволены. Але ў конкурсе, арганізаваным Уладзіславам Конашам (Канашэнкам), за якім можна было сачыць на вось гэтай старонцы, усё было інакш, наракае Мікіта.

Улад Конаш — арганізатар гіваў. Фота з сацыяльных сетак.

Улад Конаш — арганізатар гіваў. Фота з сацыяльных сетак.

Гів прэміум-класа

Па-першае, значна вырасла цана ўдзелу — ледзь не ў два разы. За ўдзел у ранейшых гівах Мікіта плаціў 100 тысяч расійскіх рублёў, цяпер жа Конаш з яго запрасіў 180. У выніку дамовіліся на 150 (гэта каля 5000 беларускіх).

Улад Конаш у адным з інтэрв’ю завяраў, што гэта «гів новага ўзроўню — прэміум-класа». Маўляў, забраніраваныя рэкламныя пасты ў 35 блогераў, ідзе праца над стварэннем відэаролікаў. Абяцаў сумарную аўдыторыю больш як 20 мільёнаў чалавек…

Мікіта сцвярджае, што пераслаў грошы за ўдзел на Яндэкс-кашалёк перадаплатай. Абяцалася, што ўдзельнікі гіва ў выніку правядзення рэкламнай гульні атрымаюць каля 100 тысяч новых сапраўдных падпісчыкаў, а 95 тысяч з іх застануцца сталымі падпісчыкамі акаўнта. Але ў выніку лічба ледзь дацягвала да 20 тысяч.

Мікіта вырашыў запатрабаваць грошы назад, бо палічыў, што праект сябе не апраўдаў.

— Гэта не адзіны такі конкурс, і ёсць правіла, калі абяцанні не выконваюцца, то ёсць магчымасць вярнуць грошы, — кажа Мікіта.

Мікіта кажа, што кантракта між арганізатарамі конкурсу і ўдзельнікамі-«спонсарамі» ў традыцыйным выглядзе не існуе. «Пагадненне аб наданні паслуг» — гэта вордаўскі файл, у якім апісаныя толькі асноўныя ўмовы правядзення гульні і пададзеныя асноўныя ўмовы ўдзелу, сума ўнёску (як аказалася, кожны з удзельнікаў плаціў розныя грошы). Гэты дакумент адпраўляўся ўдзельнікам праз інтэрнэт, але юрыдычна ніякім чынам не завераны ні подпісамі, ні пячаткамі. А Мікіта і такога файла ад Конаша не атрымаў. Даведаўся аб яго існаванні толькі ад іншай удзельніцы гіва.

3 тыдні таму Мікіта ў перапісцы ў тэлеграм запатрабаваў ад Улада Конаша вярнуць грошы. Арганізатар пагадзіўся абмеркаваць суму, што мусіць быць вернутая. А пасля пачалася перапіска кшталту: мы грошы даслалі, пачакайце… Конкурсную старонку выдалілі, профілі пачысцілі, як нічога і не было, Улад Конаш, піша Мікіта, перастаў выходзіць на сувязь.

Вось некалькі скрыноў перапіскі:

Ускосна аказаўся закрануты і Улад Бумага, які стаў удзельнікам аднаго з рэкламных ролікаў гіва, заклікаў падпісацца на старонкі спонсараў, паабяцаў разыграць абяцаныя айфоны і прасачыць за тым, каб яны былі дасланыя пераможцам. 

— Традыцыйна пры арганізацыі giveaway прынята ствараць чаты для спонсараў, якія ўклалі сродкі ў праект. Гэта нейкім чынам іх кансалідуе і дазваляе ўсім разам сачыць за ходам. Але на гэты раз такога чата не было створана. Таму нейкім чынам аб’яднаць намаганні ў спробах вярнуць змарнаваныя грошы складаней, — дадае Мікіта.

Ён ужо знайшоў некалькі чалавек-удзельнікаў giveaway. Разам яны спадзяюцца вярнуць сродкі.

Што кажуць арганізатары?

Блогер Улад Конаш адказаў нам, што ўсе абавязацельствы па гіве выкананыя, ніхто нікога не «кідаў».

— Розыгрышы праведзеныя, прызы раздадзеныя, а старонку гіва заблакаваў сам Instagram, — сцвярджае Конаш.

Мікіта лічыць, што Конаш на конкурсе зарабіў 5 мільёнаў расійскіх рублёў (87 тысяч даляраў). Няўжо гівы маюць такія гіганцкія абароты? Конаш адмаўляе:

— Мы сабралі менш удзельнікаў, чым планавалася, дый сума выйшла меншая.

На пытанне пра нявыкананыя забавязанні па прыросце падпісчыкаў для спонсараў Улад адказаў, што ўсё сумленна і пункты, прапісаныя ў «пагадненні», выкананыя.

А ці законна?

У праваахоўныя органы Мікіта не звяртаўся. Ці азначае гэта, што яны не маюць дастатковых доказаў сваім словам?

Прадстаўнік беларускага агенцтва MediaCube.Network, якое займаецца прасоўваннем Бумагі, даў зразумець, што яны да інстаграмных спраў блогераў ніякага дачынення не маюць.

«Медыякуб» — кампанія-партнёр Ютуба, інстаграм жа з’яўляецца асабістым захапленнем блогераў. Пытацца ў нас пра іх дзейнасць там — гэта тое ж самае, калі б пацікавіліся, ці ведаю я, што мой сусед забівае людзей. Без паняцця, можа, там у яго ўся хата ў трупах», — пракаментаваў менеджар «MediaCube.Network» Зміцер Радчанка.

Але ён падзяліўся сваімі здагадкамі па тэме: «Калі ўважліва паглядзець гэты ролік з «доказамі» — там іх няма, па-мойму. Чалавек абвінавачвае Улада Бумагу ў крадзяжы грошай, але любому разумнаму чалавеку відавочна, што такія вялікія сумы ніхто нават і не стаў бы ўкладаць у розыгрышы. Мне проста смешна, што прэса падхапіла такое відэа: без доказаў, з нейкімі незразумелымі скрыншотамі.

Было б гэта, сапраўды, расследаванне узроўню Навальнага, напрыклад — тады б можна было пра нешта весці гаворку. Калі б я быў на месцы Улада, мне было б вельмі непрыемна, што людзі вераць у гісторыю, якую раздзьмулі з пальца».

Дзяўчына ж Улада, блогерка Юлія Гадунова, сказала, што не лезе ў асабістыя справы хлопца і не ў курсе гэтай тэмы. На прапанову даць магчымасць выказацца самому Уладу непасрэдна яна адказала наступнае: «Яму гэта не цікава».

Людзям старэйшага пакалення, якія ў сацыяльных сетках непрысутныя, можа быць нават дзіўна, якія жарсці там цяпер парой разгортваюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?