Суд Чыгуначнага раёна Віцебска вынес прысуд па рэзананснай справе, звязанай са смерцю дзіцяці пасля хатніх родаў. Абвінавачаная — мама, 31-гадовая жыхарка Санкт-Пецярбурга Вольга С. Працэс пад старшынствам суддзі Юрыя Урбана быў закрытым, пасяджэнні ішлі на працягу тыдня — з 30 жніўня. Жанчыну абвінавачвалі ў прычыненні смерці па неасцярожнасці (ч. 1 арт. 144 КК Беларусі).

Санкцыі ч.1 арт. 144 КК — папраўчыя работы на тэрмін да 2 гадоў, або абмежаванне волі да 3 гадоў, або пазбаўленне волі на такі ж тэрмін. Суд прысудзіў жанчыну да 6 месяцаў у калоніі-пасяленні. Яе вызвалілі ў зале суда, бо час, праведзены ў СІЗА, залічаны ў тэрмін адбыцця пакарання.

Нагадаем, спачатку пацярпелай у справе прызналі прадстаўніка органаў апекі — Юлію Аліпаву. Аднак адвакаты абвінавачванай (іх у яе двое) заявілі хадайніцтва, каб пацярпелым прызналі мужа Вольгі. Суд хадайніцтва задаволіў — і пацярпелым бокам стаў толькі бацька памерлай нованароджанай дзяўчынкі. Пасля прадстаўнік органаў апекі і пракурор выступілі за тое, каб зрабіць працэс закрытым.

На першым пасяджэнні 30 жніўня Вольга настойвала на тым, каб справу разглядалі ў адкрытым рэжыме, падкрэсліўшы, што ў ім закрануты толькі яе інтарэсы, і хаваць жанчыне няма чаго. Аднак суддзя вырашыў правесці закрытае разбіральніцтва, матываваўшы гэта тым, што на ім будуць распаўсюджвацца медыцынскія падрабязнасці.

Вольга прыехала нараджаць з Санкт-Пецярбурга ў Віцебск, дзе яна прапісана. Увечары 17 лютага Вольга ў кватэры маці на вуліцы Мяснікова нарадзіла дзяўчынку. Следства сцвярджае, што жанчына адмовілася ад прымянення медыкаментаў і правядзення шэрагу важных даследаванняў, а таксама ад шпіталізацыі. Пры гэтым у жаночай кансультацыі № 5 абласной радзільні, дзе Вольга назіралася, яе папярэдзілі, што пры хатніх родах высокая імавернасць страты дзіцяці.

Убачыўшы, што на свет з'явілася дзіця, якое не крычыць і мае сінюшную скуру, Вольга папрасіла маці выклікаць хуткую. Нованароджаную і парадзіху даставілі ў гарадскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. Тут у 21.40 зафіксавалі смерць дзіцяці. Па дадзеных следства, у яго адбылася аспірацыя каляплоднымі водамі. Гэта значыць, у дыхальныя шляхі нованароджанай трапіла каляплодная вадкасць.

Судмедэксперты вызначылі, што дзіця з'явілася на свет здаровым. Псіхолага-псіхіятрычная экспертыза не выявіла ў жанчыны ні хранічнага псіхічнага захворвання, ні часовага расстройства псіхікі, ні якога-небудзь іншага хваравітага стану псіхікі. На думку экспертаў і следства, яна магла ўсведамляць небяспеку сваіх дзеянняў.

З 6 мая маладая жанчына знаходзілася ў віцебскім СІЗА-2. Яе маці хадайнічала пра змяненне меры стрымання для дачкі. Але ёй адмовілі. На думку следства, знаходзячыся на волі, Вольга магла збегчы ад «органа, які вядзе крымінальны працэс, і суда».

Цела нованароджанай сям'і выдалі пасля экспертыз праз 2,5 месяца — 5 мая. На наступны дзень адбылося пахаванне. І ў гэты ж дзень яе маці арыштавалі.

Страчанае дзіця было ў маладой сям'і другім. Да гэтага ў Вольгі і яе мужа Алега — расійскага бізнэсмэна, таксама нарадзілася дачка, цяпер ёй 2 гады. Яна з'явілася на свет падчас хатніх родаў, якія прымаў Алег. Муж і жонка ўдваіх наведвалі ў Санкт-Пецярбургу спецыяльныя курсы па выношванні здаровага дзіцяці і хатніх родаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?