Новаўвядзенне авіякампанія-лаўкостар патлумачыла тым, што пасажыры праносяць на борт па дзве вялікія сумкі і тым самым затрымліваюць пасадку, піша Tut.by.

З 1 лістапада пасажыры Ryanair не змогуць больш правозіць у ручной паклажы дзве сумкі. Пра новаўвядзенне авіякампанія паведаміла на ўласным сайце. Калі цяпер пасажыр можа бясплатна ўзяць на борт невялікі чамадан і сумку (памерам 55×40×20 і 35×20×20 сантыметраў), то неўзабаве гэта будзе забаронена. Новыя правілы перавозкі: адзін пасажыр — адна ручная паклажа. Выключэнне толькі для бацькоў немаўлятаў — яны змогуць узяць на борт дадаткова сумку ў пяць кілаграмаў. Астатнім пасажырам другую сумку дазволяць бясплатна здаць у грузавы адсек самалёта.

— Занадта шмат кліентаў імкнуцца выкарыстаць магчымасць і праносяць у ручной паклажы па дзве вялікія сумкі — тым самым ствараючы высокі каэфіцыент нагрузкі; напрыклад у жніўні ён склаў 97%. З-за гэтага не хапае месцаў для ручной паклажы на верхніх паліцах, што прыводзіць да затрымкі пасадкі ў самалёт, — гаворыцца ў заяве прэс-службы Ryanair.

Ryanair таксама зніжае цэны на правоз багажу з 35 еўра да 25 еўра, пры гэтым павялічвае дазволеную вагу багажу з 15 да 20 кілаграмаў.

Нагадаем, бліжэйшыя аэрапорты, з якіх лётае лаўкостар Ryanair, знаходзяцца ў Польшчы і Літве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0