Вашынгтон сьпяшаецца даць Менску пернік. На паўгоду часткова скасаваныя санкцыі супраць "Лакафарбы" ды "Шкловалакна". Магчыма, вось-вось размарозяць рахункі "Белнафтахіму".

На першы погляд, парадаксальна:

Злучаныя Штаты, якія вызначаліся болей жорсткім, чым Эўразьвяз, падыходам да беларускага пытаньня, зараз раней за Брусэль робяць крокі насустрач афіцыйнаму Менску.

Звыш таго, вонкава справа выглядае так, што амэрыканскія палітыкі схамянуліся ад прагучалага днямі папроку Лукашэнкі: маўляў, Эўропа ды Штаты не сьпяшаюцца адказаць на нашы шчырыя памкненьні…

Але насамрэч нічога дзіўнага няма. Амэрыканская "вэртыкаль" мае несумненную перавагу над 27-галовым монстрам ЭЗ у сэнсе гнуткасьці замежнапалітычнай тактыкі, апэратыўнасьці рэакцыі на зьменлівую абстаноўку.

Адметнасьць жа моманту ў тым, што

зараз, пасьля каўкаскай вайны, рэзка абвастрылася барацьба за Беларусь. "Паўсталая з каленяў" імпэрыя ёсьць небясьпекай ня толькі для Захаду, але і для беларускай кіроўнай вярхоўкі.

Масква выкручвае рукі (адначасна спакушаючы дробнымі бонусамі), і кожны дзень можа стаць вырашальным.

Не выпадкова часовы павераны ЗША Мур пахваліў Лукашэнку за адфутбольваньне пытаньня аб прызнаньні мяцежных грузінскіх правінцый на пасяджэньне Рады калектыўнай бясьпекі АДКБ. Сёньняшні саміт, мяркуючы па ўсім, абмяжуецца туманнай дэклярацыяй "аб падзеях на Каўказе", але ў кулюарах (тым болей што Крэмль гуляе на сваім полі) пэўна ж будуць прэсынгаваць беларускага госьця па поўнай праграме.

Ну а Брусэль ад Амэрыкі адстае. Прыкладна на восем дзён :) Нагадаю: эмісар дзярждэпу Мэркел прыляцеў у Менск 21 жніўня, назаўтра пасля вызваленьня апошніх палітвязняў, а пасланец Эўракамісіі Мінгарэлі — толькі 29 жніўня.

Калі ж сур'ёзна, то Эўразьвязу, які фармальна закансэрваваўся на сваіх дванаццаці ўмовах, варта апэратыўна, як тое раіць палітоляг Віталь Сіліцкі, скласьці дарожную карту нармалізацыі дачыненьняў з Беларусьсю. Бо сёньня ні ўлады, ні апазыцыя, ні тым болей паспаліты люд не ўяўляюць сабе канкрэтнага набору эўрапейскіх пернікаў: зробіце тое і тое — атрымаеце вось гэта.

Застаецца пытаньне аб суадносінах прагматызму і маральнасці ў новых падыходах Захаду да беларускай праблематыкі. Можна зразумець засьцярогі тутэйшых дэмакратаў, што іх "кінуць". Але з гледзішча Захаду, пры ўсіх высокіх словах пра дэмакратыю і правы чалавека, было б недарэчна зацыклівацца на самаадчуваньні тытульнай апазыцыі ў асобна ўзятай краіне, калі гаворка ідзе пра вялікае геапалітычнае змаганьне за сфэры ўплыву.

Нам жа варта ацэньваць калізію найперш з гледзішча беларускай незалежнасьці. А ёй, бадай, болей здольная зараз паспрыяць менавіта гнуткасць заходняй палітыкі.

У цяжкай для нашай краіны сытуацыі Захад адчыняе акно магчымасьцяў як альтэрнатыву расейскай пастцы.

ЗЫ. Ну а вось і Эўразьвяз заварушыўся :) Міністры замежных спраў ЭЗ абмяркуюць пытаньне аб зьмякчэньні санкцый у дачыненьні да Беларусі на нефармальным саміце ў Авіньёне.

ЗЗЫ. Здаецца, Масква сапраўды няшмат выціснула з партнэраў на саміце АДКБ. У дэклярацыі, якую працытаваў Мядзьведзеў, краіны дамовы абмежаваліся канстатацыяй таго, што "глыбока заклапочаныя" спробай Грузіі гвалтам вырашыць паўдзённаасэтынскую праблему.

ЗЗЗЫ. Прагноз наконт таго, што "ў кулюарах будуць прэсынгаваць беларускага госьця па поўнай праграме", мусіць, спраўджваецца. Мядзьведзеў зладзіў асобную сустрэчу з Лукашэнкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?