Кампанія «Белгорхімпрам», кантрольны пакет акцый якой належыць «Беларуськалію», адмовілася ад будаўніцтва другога калійнага камбіната ў Туркменістане, хоць у сакавіку здала ў эксплуатацыю такі аб'ект. Пра гэта паведаміў журналістам гендырэктар «Беларуськалія» Іван Галаваты.

У сакавіку быў уведзены ў эксплуатацыю Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат — першы сумесны калійны праект Беларусі і Туркменістана. «Белгорхімпрам» і канцэрн «Туркменхімія» задумалі будаўніцтва камбіната вытворчай магутнасцю 1,4 мільёна тон хлоркалію ў год у 2010 годзе. Аднак з-за ўзаемных папрокаў давялі яго да ладу толькі ў 2017 годзе. Кошт праекта ацэньваўся ў 1 млрд даляраў.

Пасля гэтага туркменскія ўлады выказалі жаданне ўзвесці яшчэ адзін аналагічны камбінат. Быў абвешчаны тэндар на будаўніцтва Карабільскага горнаруднага калійнага комплексу па вытворчасці хларыду калія коштам 1,4 млрд даляраў. Пазней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь можа падаць заяўку на ўдзел у конкурсе. Тым больш паступіла прапанова пабудаваць ГАК ад прэзідэнта Туркменістана. Апошні тэрмін падачы тэндарных прапаноў быў 26 чэрвеня 2017 года.

«Мы не накіроўвалі заяўку», - сказаў журналістам Іван Галаваты, удакладніўшы, што кампанію не задаволілі ўмовы, якія прапанавалі ўлады Туркменістана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0