Не так даўно стала вядома, што беларускі тэлеканал СТБ стане першай агульнанацыянальнай беларускай тэлекампаніяй, якая будзе вяшчаць у фармаце HD.

СТБ не будзе першым беларускім HD-каналам. Некаторыя беларускія рэгіянальныя тэленакалы ўжо перайшлі ў HD-фармат, аднак СТБ стане першай агульнанацыянальнай кампаніяй, якая гэта зробіць.

А большасць іншых беларускіх тэлеканалаў не толькі не маюць HD-версіі, але нават дагэтуль вяшчаюць у старым фармаце 4:3 замест 16:9 (у тым ліку, усе тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі).

«Наша Ніва» высветліла, што такое HDTV, калі і ў якой колькасці такія каналы пачалі з’яўляцца ў свеце, якія яшчэ існуюць стандарты тэлебачання высокай выразнасці і чаму з’яўленне першага беларускага агульнанацыянальнага HD-канала толькі ў 2017 годзе з’яўляецца яскравым паказчыкам тэхналагічнай адсталасці і занядбанасці беларускага дзяржаўнага ТБ.

Што такое HDTV і чым яно адрозніваецца ад звычайнага тэлебачання?

Абрэвіятура HDTV (High-Definition Television) азначае стандарты тэлебачання высокай выразнасці ў параўнанні са стандартным тэлебачаннем (SDTV).

Стандартнае тэлебачанне SDTV — гэта тое, што кожны з нас бачыць, калі ўключае любы беларускі тэлеканал. SDTV мае разрозненне 720x576 і «класічныя» суадносіны бакоў 4:3. Але ў апошняе дзесяцігоддзе большая частка тэлеканалаў, нават тых, якія вяшчаюць у стандартнай якасці (а не ў HD), перайшла на вяшчанне з суадносінамі 16:9. Напрыклад, канал АНТ транслюе свае праграмы ў стандартнай якасці, але з суадносінамі 16 на 9. Гэта звязана з шырокім распаўсюджваннем шырокафарматных тэлевізараў у апошнія гады, таму што ў перспектыве ўсё тэлебачанне павінна перайсці ў HD-фармат, дзе суадносіны бакоў 16:9 з’яўляюцца стандартнымі. Але большасць беларускіх тэлеканалаў (у тым ліку каналы Белтэлерадыёкампаніі) дагэтуль вяшчаюць у «архаічным» фармаце 4 на 3, што робіць прагляд такіх каналаў нязручным на сучасных тэлевізарах.

Тэлебачанне HD мае большыя памеры выявы ў пікселях. Пад HD на сённяшні дзень разумеецца трансляцыя з разрозненнем 1280x720 альбо 1920x1080 пікселяў.

Распаўсюджванне ў свеце

Першыя эксперыментальныя трансляцыі тэлебачання высокай выразнасці пачаліся ў Японіі яшчэ ў 70-я гады дзяржаўнай тэлекампаніяй NHK, а рэгулярныя трансляцыі пачаліся ў 1985 годзе. У ЗША рэгулярнае HDTV з’явілася ў 1996 годзе. У Еўропе рэгулярнае тэлебачанне высокай выразнасці з’явілася яшчэ пазней — у 2004 годзе ў Бельгіі пачаў трансляцыю тэлеканал Euro1080 HD1.

Паступова HD-тэлеканалы пачалі з’яўляцца па ўсім свеце, у тым ліку ва Усходняй Еўропе. Першыя каналы ў HD-якасці з’явіліся ў Польшчы і Літве ў 2008 годзе, ва Украіне і Латвіі ў 2012 годзе. У Расіі першыя платныя HD-каналы пачалі з’яўляцца яшчэ ў 2007 годзе, але агульнадаступныя федэральныя каналы перайшлі на разрозненне 1080 пікселяў таксама ў 2012 годзе.

Колькасць HD-каналаў за апошнія гады ў суседніх краінах імкліва ўзрастала. Напрыклад, ва Украіне на сённяшні дзень ужо каля 30 каналаў вяшчаюць у фармаце HD. Сярод іх каналы на розны густ: платныя і бясплатныя; кабельныя, спадарожнікавыя і эфірныя; агульныя і тэматычныя. Тое, што першы агульнанацыянальны HD-тэлеканал з’явіцца ў Беларусі толькі ў 2017 годзе, з’яўляецца красамоўным індыкатарам тэхналагічнай адсталасці беларускага тэлебачання.

Якія яшчэ стандарты існуюць?

HDTV — далёка не самы апошні і сучасны стандарт тэлебачання. У развітых краінах вядуцца распрацоўкі тэлебачання звышвысокай выразнасці (Ultra HDTV). Ultra HD — гэта тэлебачанне з разрозненнем 4K (3840 на 2160 пікселяў) ці 8K (7680 на 4320 пікселяў). Бясспрэчным лідарам у распрацоўках гэтых стандартаў зноў з’яўляецца японская дзяржаўная тэлекампанія NHK. Тэлеканалы ў фармаце 4K ужо з’яўляюцца па ўсім свеце (у тым ліку і ў Расіі). Тэлевізары, якія здольныя працаваць з такім разрозненнем, ужо сталі адносна даступнымі для большасці людзей.

А вось 8K-тэлебачанне пакуль з’яўляецца, хутчэй, перспектыўным кірункам. У 2016 годзе японская NHK запусціла першы ў свеце тэлеканал, які трансляваў некалькі перадач з разрозненнем 8K у тэставым рэжыме. Але гэта пакуль не рэгулярная трансляцыя: тэхніка для вытворчасці і прыёму такіх тэлеперадач пакуль вельмі дарагая. Першы тэлевізар кампаніі Sharp, які працуе ў якасці 8K, каштаваў каля 130 тысяч даляраў. Але японскія тэлевізіёншчыкі плануюць пачаць рэгулярныя трансляцыі ў разрозненні 8K не пазней за 2020 год, калі ў Токіа адбудуцца летнія Алімпійскія гульні.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

1
Каментатар / Адказаць
27.12.1989 / 04:17
Мы самая перадавая краіна. Трэба гэтаму верыць не звяртаючы ні на што )))
0
Каментатар / Адказаць
16.08.1998 / 04:38
Классный стеб от БТ. Что на нем смотреть в принципе? Каменный топор с планкой Пикатинни более органично смотрелся бы.
0
Каментатар / Адказаць
07.11.1991 / 17:22
да да теперь мы будем в 4к смотреть как Лука с Коляном копает бульбу, рассказывает страшилки про адмарозкау и пятую колонну или вы...читывает членов "правительства" .
Паказаць усе каментары/ 19 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру