Маладэчанскі краязнаўца і бібліяфіл Міхась Казлоўскі стварыў у родным горадзе цэлую творчую лябараторыю.

Колькі дзясяткаў чалавек з усёй той часткі гістарычнай Віленшчыны, што засталася ў Беларусі, дапамагаюць яму рабіць ягоную шляхетную справу. Малююць, пішуць лірыку і празаічныя творы, зьбіраюць успаміны, займаюцца краязнаўствам… Як вынік — дванаццаць нумароў часопісу «Куфэрак Віленшчыны», без сумневу, найлепшага ў Беларусі краязнаўчага выданьня, больш за дзясятак кніжак бібліятэкі гэтага часопісу, вялікая падборка паштовак, прысьвечаных знакамітым беларусам, бясконцыя прэзэнтацыі і канфэрэнцыі. І ўсё гэта зь вялікім мастацкім густам, у прыгожым афармленьні, якога гэтак нестае сучаснай кніжнай культуры.

Тое, што робіцца Міхасём Казлоўскім і ягонымі сябрамі, — даўно перарасло межы лякальнай зьявы. Па сутнасьці, гэта ці не найлепшы ў сучаснай Беларусі прыклад канкрэтнай культурнай справы, якую лепей ці горай, але можа рабіць безь якой падтрымкі любы чалавек, які стараецца не адмерваць сваё служэньне Радзіме прамежкамі паміж выбарчымі кампаніямі.

Мабыць, таму і вышуквае спадар Міхась для сваіх досьледаў падобных да сябе герояў — сваіх падвіленскіх землякоў і суродзічаў, людзей, вядомых усёй Беларусі ці невядомых амаль нікому, але аднолькава сумленных і, мабыць, зусім роўных перад нашчадкамі ў зробленай імі для Радзімы працы.

Такі герой новай кнігі Міхася Казлоўскага — шырока вядомы ў міжваеннай Вільні беларускі палітык, грамадзкі дзеяч і каапэратар Адольф Клімовіч, лідэр тагачаснай Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адольф Клімовіч — адзін з тых шматлікіх у гісторыі Беларусі патрыётаў‑актывістаў, якім даводзілася займацца адразу ўсім: выдаваць беларускі каапэратыўны часопіс, арганізоўваць дзейнасьць лякальных структураў БХД, накіроўваць ідэалягічную лінію сваёй партыі.

І ўсё гэта ў пастаяннай грашовай нішчымніцы, праз паліцэйскі перасьлед і частае неразуменьне самых блізкіх людзей. І, безумоўна, не таму, што хацелася праявіць самыя разнастайныя свае таленты, а таму, што іншых працаўнікоў проста татальна не хапала. Чытаючы кнігу, я ўжо ня першы раз злавіў сябе на думцы — а нашто гэта ўсё было такім лю¬дзям патрэбна, быццам ня мелі дзе прыкласьці свае сілы.

Чаму Адольф Клімовіч — інжынэр з эўрапейскай адукацыяй, не ўладкаваўся аконамам да якога пана пад Вільняй, жыў бы сабе спакойна ды бліскаў бы часам патрыятызмам, пішучы артыкулы ў якую апошнюю беларускую газэту? Ды і ў Празе можна было б застацца. Але памяняў усё гэта на сумнеўную пэрспэктыву актывіста маленькай партыі маленькага эўрапейскага народу, які ня быў гаспадаром нават на кавалку сваёй зямлі. Не адрокся ад свайго народу, не схаваўся ў цень, калі на ягонай зямлі сышліся ў сьмяротнай бойцы камуністычны да фашыстоўскі монстры.

І ня ўцёк пасьля ў эміграцыю, хоць ведаў, што ягоная праца ў гады вайны — стопрацэнтны расстрэльны артыкул для бальшавікоў. Ужо вярнуўшыся зь лягеру Адольф Клімовіч працягваў сваё ўпорыстае служэньне беларускай справе, пісаў артыкулы па гісторыі і культуры, склаў велізарную картатэку знакамітых беларускіх дзеячаў, усталяваў сымбалічны помнік ксяндзу Адаму Станкевічу. Быццам не задумваўся: «А каму гэта патрэбна?» Быццам ня ведаў, што ці ня ўсе ягоныя сябры па Празе і Вільні памерлі не сваёй сьмерцю ў сталінскіх ды гітлераўскіх катоўнях, ня бачыў, што робяць зь беларускай культурай і мовай у БССР і што ягоная беларуская Вільня што ні год, то ўсё больш пераўтвараецца ў прыгожую казку.

Дык чаму ж да самага канца застаўся пры сваім? Што натхніла яго на такі самаадданы чын даўжынёй у семдзесят гадоў? Міхась Казлоўскі ў сваёй кнізе простага адказу не дае. Ды, мабыць, яго ніхто даць і ня зможа.

Можа, гэта была сустрэча зь Янкам Купалам і Паўлінай Мядзёлкай, якія наведалі ягоныя родныя Клюшчаны летам 1914 г., можа, прыклад ягонага настаўніка і старэйшага сябра Кастуся Стаповіча, вядомага як паэт Казімір Сваяк, а можа, некалькі гадоў, праведзеных у Празе, калі туга па роднай Вільні рабілася нясьцерпнай.

Мабыць, усё адразу з дадаткам моцнай веры, якая акурат надае чалавеку перакананасьці ў патрэбнасьці і наканаванасьці ягонай справы. «Для нас, што стаім пад сьцягам ня толькі народным, але і Хрыстовым, для нас чыннасьці нашы залежаць ад мэты, але ня могуць быць самамэтай. Як падвойнай для нас ёсьць мэта жыцьця: вечная і дачасная, так падвойнай мусіць быць і мэта людзкой чыннасьці», — напісаў А.Клімовіч яшчэ ў 1931 г. Гэтага прынцыпу маральнай ацэнкі ўсіх сваіх дзеяньняў, няважна, у палітыцы, грамадзкім ці асабістым жыцьці, ён трымаўся на працягу ўсёй сваёй жыцьцёвай дарогі. Мабыць, менавіта гэтага сёньня не хапае нам, загразлым у штодзённым цынізьме, танным усяведаньні, поўным пагарджаньні любымі аўтарытэтамі.

Новая кніга Міхася Казлоўскага — гэта не манаграфія для гістарычных штудыяў і не чытанка для адпачынку. Гэта кніжка для душы і роздуму, бо, дачытваючы яе, ня просіш для сябе ў Бога нічога, як толькі дазволу пражыць жыцьцё так, як пражыў сваё Адольф Клімовіч, — ва ўпорнай самаахвярнай працы, сумленна і ў згодзе з Богам і людзьмі, ні хвіліну не сумняваючыся ў правільнасьці абранага шляху.

***

Казлоўскі, Міхась. Нашчадак слаўных крывічоў. Эцюд да партрэта Адольфа Клімовіча, чалавека і грамадзяніна. — Менск: «Кнігазбор», 2008.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?