Кіраўнік БАТЭ Анатоль Капскі пракаментаваў інфармацыю пра меркаваны пераход у каманду Аляксандра Глеба. Футбаліст быў гатовы гуляць забясплатна, абы каб выйсці на поле ў матчы з «Арсеналам».
«У вяртанні Глеба ў БАТЭ заўсёды вырашальную ролю адыгрывала маё меркаванне, якое і ў папярэднія гады магло адрознівацца ад меркаванняў маіх калегаў … Улічваючы, наколькі я сёлета выпадаў з працэсаў, звязаных з клубам, на мой погляд, было б некарэктна і не па-таварыску праціскаць рашэнне аб чарговым вяртанні Глеба.
Для нашых аматараў футбола ключавымі словамі ў інтэрв'ю Аляксандра стала тое, што ён гатовы гуляць за БАТЭ бясплатна. Але такога ніколі не было і не было б у гэты раз. Гэта была эмацыйная заява, але ў нас працуюць прафесіяналы. Ды і Аляксандр са сваімі агентамі заўсёды падпісваў кантракт, выбіваючы максімальныя рынкавыя ўмовы.
Таму рэакцыя натоўпу («на халяву не ўзялі») — не пра нас. У Глеба багатая кар'ера, і ніжэй за Сашаву годнасць ісці на нейкія саступкі дзеля прыгожага яе завяршэння. Ды і для нас запрашаць футбаліста бясплатна — непрымальна. БАТЭ — прафесійны клуб, а не аматарскі, таму падобныя «спецпрапановы» не для нас.
Цяперашні сезон нам даецца вельмі цяжка. Улічваючы абставіны, спрабуем зрабіць яго максімальна паспяховым са спартыўнага пункту гледжання, а не з пункту гледжання піяру. Таму з пераходам Глеба не склалася».





