Ужо некалькі дзён сабака-інвалід з прытулку ў Алешчанятах на Валожыншчыне вучыцца карыстацца спецыяльным інвалідным вазком.

— Цяпер Блэйд успамінае, як хадзіць, — дзеліцца радасцю гаспадыня прытулка Алена Крэйніс. — З кожным днём у яго атрымліваецца ўсё лепш і лепш.

Пра інвалідны вазок для свайго гадаванца — аўчаркі Блэйда — Алена і Ігар Крэйнісы марылі даўно. І вось дзякуючы замежным фінансавым куратарам мара здзейснілася.

Блэйд трапіў у прытулак зімой. Сабаку з перабітым пазваночнікам і адсечаным хвастом знайшлі куратары ў канаве ля мінскай кальцавой дарогі. Яны і прывезлі сабаку да Крэйнісаў.

Увесь гэты час, па словах Алены, сабака поўзаў пры дапамозе пярэдніх лап. 

Калі прывезлі пасылку з Санкт-Пецярбурга, Блэйд сумленна нёс варту і доўга не хацеў пускаць у двор чаканых паштальёнаў.

— Паштовая машына так доўга сігналіла, што аж суседка выйшла, — прыгадвае Алена.

Усе раменчыкі на вазку гаспадары адрэгулявалі. Блэйд асвойвае тэхніку. Праўда, пакуль сабака хутка стамляецца. Паўгадзіны паходзіць, кажа Алена, а потым дзве ляжыць.

Ці знойдзе Блэйд гаспадароў, якія забяруць яго з прытулку? Па назіраннях Алены, гэта мала верагодна. Хіба што нехто з-за мяжы захоча ўзяць аўчарку-інваліда. Такія выпадкі ў Алешчанятах здараліся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?