«Моладзь БНФ» атрымала адказ на зварот у Зэльвенскі райвыканкам Гарадзенскай вобласьці наконт перайменаваньня адной з вуліцаў мястэчка Зэльвы ў гонар паэткі Ларысы Геніюш. У перайменаваньні, як і летась, адмовілі, але паабяцалі разглядзець прапанову «пры неабходнасьці называньня новай вуліцы», піша Радыё Свабода.

Звароты да ўладаў Зэльвы аб вуліцы Геніюш ня раз рабіліся раней, але заўсёды на іх адказвалі адмовай. У 2010 годзе ўлады адмаўлялі надаць вуліцы Савецкай імя Геніюш, бо «для большасьці жыхароў слова «Савецкая» зьяўляецца важным гістарычным паняцьцем, асацыюецца зь іх маладосьцю і ўпэўненасьцю ў заўтрашнім дні».

Цяпер мясцовыя ўлады адказалі «Моладзі БНФ», што пераймяноўваць ужо існую вуліцу немэтазгодна, бо «гэта можа пацягнуць за сабой некаторыя нязручнасьці як для жыхароў вуліцы, якім прыйдзецца прайсьці рэгістрацыю ў групе грамадзянства і міграцыі міліцыі грамадзкай бясьпекі аддзела ўнутраных спраў раёну, а таксама перааформіць шэраг дакумэнтаў; так і для ЖКГ і Белпошты».

У «Моладзі БНФ» зазначылі, што разумеюць гэта, але ўпэўненыя, што ўшанаваць памяць Ларысы Геніюш на яе радзіме ўсё роўна варта. Таму як альтэрнатыўны (і эканомны) варыянт прапанавалі паставіць помнік Геніюш на цэнтральнай плошчы мястэчка і запусьцілі анлайн-пэтыцыю за ўстаноўку помніка.

Помнік-бюст Ларысе Геніюш стаіць на цьвінтары Сьвята-Троіцкай царквы ў Зэльве, іншым чынам памяць Геніюш у мястэчку не ўшанаваная.

Чытайце таксама:

Вярхоўны суд: Геніюш не можа быць рэабілітаваная, бо «аказвала дапамогу міжнароднай буржуазіі» і «ўдзельнічала ў антысавецкіх арганізацыях»

Віктар Марціновіч: Ці рэабілітавалі Кастуся Каліноўскага?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0