Шасцёра грамадзян Беларусі збілі расійскіх паліцэйскіх, аднак былі затрыманыя. Пра гэта паведамляе Агенцтва гарадскіх навін «Масква».
Адзін з работнікаў гатэля выклікаў паліцыю на беларуса-дэбашыра.
«На месца прыбылі двое супрацоўнікаў паліцыі, якія заклікалі грамадзяніна не парушаць парадак. У адказ мужчына нецэнзурна аблаяў праваахоўнікаў, і тыя прынялі рашэнне затрымаць хулігана. Але мужчына пачаў аказваць супраціў і клікаць на дапамогу, і тады з пакоя гасцініцы выйшлі некалькі грамадзян, якія пачалі біць і адштурхоўваць супрацоўнікаў паліцыі», — паведаміла прэс-служба ГУ МУС па Маскве.
Паліцыянтам удалося затрымаць дваіх падазраваных. Астатнія разбегліся, аднак неўзабаве на тэрыторыі гатэля ўсё ж былі затрыманыя. Усе падазраваныя аказаліся прыезджымі з Беларусі.
У выніку шасцёра мужчын ва ўзросце ад 26 гадоў да 31 года былі дастаўлены ў міліцыю, на іх складзены адміністрацыйныя матэрыялы за дробнае хуліганства.
За напад на паліцэйскіх ім пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.





