У Мінпрацы растлумачылі, як наймальнікам вызваляць спецыялістаў на працягу змены ад працы на некалькі гадзін для вырашэння асабістых пытанняў. Да прыкладу, на наведванне паліклінікі, паходы ў дзяржустановы або візіты да дзяцей у школы. У ведамстве ўдакладнілі, як правільна аформіць такое вызваленне, паведамляе Tut.by.

У Мінпрацы ўдакладняюць, што Працоўным кодэксам прадугледжаны абавязак наймальніка весці ўлік яўкі спецыялістаў на працу і сыходу з яе.

— Улік явак на працу і сыходу з яе вядзецца ў табелі выкарыстання працоўнага часу, гадавых табельных картках і іншых дакументах з указаннем прозвішча, ініцыялаў работніка, каляндарных дзён уліковага перыяду, колькасці адпрацаванага часу, у тым ліку ў звышвызначаны час, у дзяржаўныя святы, святочныя і выхадныя дні, і іншых неабходных звестак. Формы дакументаў для ўліку явак на працу і сыход з яе, а таксама парадак іх запаўнення зацвярджаюцца наймальнікам, — тлумачаць у ведамстве.

Наймальнік улічвае фактычны працоўны час, які складаецца з адпрацаванага і неадпрацаванага часу.

— Працоўным лічыцца час, на працягу якога работнік у адпаведнасці з працоўным, калектыўным дагаворамі, правіламі ўнутранага працоўнага распарадку абавязаны знаходзіцца на працоўным месцы і выконваць свае працоўныя абавязкі, — дадаюць спецыялісты ведамства. — Да працоўнага адносіцца таксама час работы, выкананай па прапанове, распараджэнні ці з ведама наймальніка звыш за ўстаноўленую працягласць працоўнага часу (звышурочная праца, праца ў дзяржаўныя святы, святочныя і выхадныя дні).

Да адпрацаванага часу адносяцца ў тым ліку звышурочныя працы, пагадзінная праца здзельшчыкаў, службовыя камандзіроўкі і працы па сумяшчальніцтве. А да неадпрацаванага— аплатны і неаплатны час, а таксама страты працоўнага часу як па віне работніка, так і пры адсутнасці яго віны, удакладняюць у Мінпрацы.

— Фактычны працоўны час улічваецца з моманту прыходу работніка на месца выканання працы згодна з правіламі ўнутранага працоўнага распарадку, графікам работ (зменнасці) або асаблівым загадам наймальніка і да моманту фактычнага вызвалення ад працы ў гэты працоўны дзень (змену), — кажуць у ведамстве. — Такім чынам, прадастаўленыя наймальнікам работніку некалькі гадзін на працягу працоўнага дня (змены) для вырашэння асабістых пытанняў не ўлічваюцца ў складзе адпрацаванага часу, а належаць да неадпрацаванага і, такім чынам, неаплатнага часу.

Пры гэтым наймальнік можа на ўзроўні лакальнага нарматыўнага прававога акта (напрыклад, у правілах унутранага працоўнага распарадку) дазволіць работнікам выкарыстоўваць частку працоўнага часу для асабістых мэтаў. Наймальнік таксама можа прапісаць прычыны, якія могуць прызнавацца паважлівымі (наведванне доктара, іншыя выключныя выпадкі асабістага і сямейнага характару), пры гэтым усталяваць парадак прадастаўлення і афармлення такога часу.

— У лакальным нарматыўным прававым акце таксама варта прадугледзець аплату працы работніка ў такі дзень прапарцыйна адпрацаванаму часу. Таксама не выключаная магчымасць прадугледзець у лакальным нарматыўным прававым акце адпрацоўку адпаведнай колькасці гадзін, якія выкарыстоўваюцца ў асабістых інтарэсах работніка, у іншы час (другі дзень), — дадаюць у Мінпрацы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0