У засценку Скрыплёў. Ілюстрацыйнае фота.
Чалавек з Гарадэчна:
— А дзе ж хазяін?
Гарадскія беларускамоўныя турысты:
— Недзе тут ён быў, але мы не ведаем, дзе дакладна.
— Ага… — выходзя на панадворак і: — Васііііііль!
— Га!
— Дзе ты ё!? Хадзі, маю дзела капітальнае!
— Што за дзела?
— Ты на нечым рыпаеш? На чым?.. У Гарадэчні чалавек із Вільні прыехаўшы, ён свойскі, нашу дзяўчыну ўзяў… Усе людзі не маладыя… панімаеш… Алі вот… мы ў клубі старым сабраўшыся… І спамінаем, як некалі васэллі гралі… Ты нам хаця на чым сыграеш?
— На цымбалы магу… Тока я яшчэ так — ні дужа, але кракавяка, польку якую.
— А «Сто лят»?
— Дык а што там — і «сто лят».
— Во! Мы на лаву іх падымаць будзем, а ты сто лят… Надта просім! Ну?
— Тока ў мяне госці, мне трэба лазню закурыць.
— Ты куры, а пазней… Не я… швагровая прыедзе па цябе.
— Добра… Тока не надоўга і назад каб завязлі!
— Так як сказаў!
…Ведаеце, было маленькае шчасце. Мяне запрасілі пайграць на цымбалы, я граў, і пад музыку падымалі на лаву маладых, танцавалі на лаве, усе радаваліся… Горка маладым, поўная торба гасцінцаў і 20 рублёў у кішэні майго галіфэ… Не адпускалі. Размовы — хто адкуль, радасць, што нечаканыя людзі ведаюць адзін аднога праз бацькоў, родзічаў, адкуль баба, адкуль дзед, хто з якіх вёсак ці хутароў… Цудоўная вераснёвая ноч..
P.S. — Дзядзя Васіль! А навучыця міня іграць на такім свістку, — прасіў хлопчык Іванка, які паступіў у першы клас школы нумар шэсць горада Маладэчна, якую я скончыў у 1990, і малы стараўся гаварыць па-мясцоваму, бо большасць размаўляе дагэтуль у маіх краях па-беларуску са сваім смакам… І як прыляпіўся да мяне — харошы хлопчык…
— Гэта дудка, братка!
— Ну на дудку! Навучыце!
Жыве Беларусь!





