Калі б я ўдзельнічаў у флэшмобе «10 фактаў пра мяне, 2 з якіх няпраўда», там быў бы такі пункт: выступаў за ўваходжанне Беларусі ў склад Расіі.

Для тых, хто пазнаў мяне па фэйсбуку на працягу некалькіх апошніх гадоў, ён павінен здацца абуральнай хлуснёй. Хоць гэта чыстая праўда.

Збольшага гэта было эпатажам. Збольшага — прыступам слабасці і адчаю: раз ужо нацыянальнае вызваленне нікому не трэба, лепш ужо так, каб больш не мучыцца. Было ў гэтым і непрыняцце нацыяналізму наогул як ідэалогіі. І ў прыватнасці стаўленне да беларускага нацыяналізму як «прымітыўнага», панылага і бездапаможнага, як мне тады здавалася.

Але была ў гэтым і зусім шчырая русафілія. Мне верылася ў «сусветную спагадлівасць» рускай культуры, у тое, што «ўсе краіны свету мяжуюць адна з адной, а Расія мяжуе з богам». Мроіўся там небывалы размах думкі і мары, якога больш нідзе няма. Ну і ўсякае такое. Сам я сабе таксама здаваўся рускім па псіхатыпе.

Цікава, што русафіліяй мяне накрыла пасля доўгага перыяду прыхільнасці нацыяналізму. У тым ліку з сяброўствам у партыі БНФ. Пасля спробаў гаварыць, пісаць, чытаць і думаць толькі па-беларуску і аб Беларусі.

Два месяцы таму Victor Tregubov папрасіў сваіх чытачоў расказаць пра іх асабісты досвед растання з Расіяй. Успомніць, калі яны ўсвядомілі, што Расія — краіна іншай, чужой (магчыма, непрыемнай) ім культуры? Адным словам, калі іх «першы раз званітавала на бярозку». З гэтага пытання і адказаў на яго нарадзілася цікавае даследаванне.

Пік асабістых гісторый растання з Расіяй прыходзіцца, вядома, на перыяд Еўрамайдану / анексіі Крыма / уварвання на Данбас.

Са мной гэта адбылося раней. Яшчэ за месяц да пачатку Еўрамайдану я не хацеў гаварыць з рускімі на рускай на пароме Стакгольм — Талін, з-за чаго яны спрабавалі выкінуць мяне за борт. Для гэтага трэба было прайсці даволі доўгі шлях.

Уласна, каб захварэць на русафілію, а потым ад яе пазбавіцца, мне давялося працяглы час пажыць у Расіі.

1) Спачатку прыйшло адчуванне, што Расія ў мяне «ў галаве не змяшчаецца» — я не магу атаясаміць сябе з гэтымі велізарнымі прасторамі, населенымі рознымі народамі;

2) Потым мяне дастала сентыментальнае, саладзенькае і паблажлівае стаўленне да беларусаў. Так дапякло, што я перастаў называцца пры сустрэчах беларусам;

3) Злавала абажанне Лукашэнкі. У асаблівасці тое, што нікога не цікавіла, як я сам да яго стаўлюся. Толькі на Каўказе я з гэтым не сутыкнуўся. Потым мяне неяк прыемна ўразіла супрацьлеглая манера шведаў спачатку пытаць, што ты сам думаеш па тым ці іншым пытанні, перш чым даваць сваю ацэнку;

4) Уразіла жорсткасць. Ад бабкі, якая падышла да мяне на вуліцы і прасіла забіць сваю суседку за пэўную суму, да работнікаў «хуткай», якія мяне шантажавалі заявай у міліцыю, калі я буду настойваць, каб яны забралі паміраючага бамжа па маім выкліку. Не кажучы ўжо пра шматлікія збіцці мігрантаў — калі, напрыклад, натоўп бонаў бег па электрычцы і проста рэзаў нажамі ўсіх «нярускіх». Зразумела, што жорсткасць ёсць не ў адной Расіі, але ў такой колькасці я з ёй да гэтага не сутыкаўся. Жорсткасцю нават проста ў вобразе думак, у выказваннях;

5) Шакавала рэакцыя на забойства Паліткоўскай — вісклівая радасць ад таго, што «грымнулі ворага народа». Калі я дзяжурыў ноч у яе пад'ездзе, дзе яшчэ заставалася лужына яе крыві, каб не знішчылі імправізаваны мэмарыял, туды прыехаў адзін лезгін з букетам. Мы стаялі, размаўлялі, і я ў яго спытаў: слухай, а гэта не дзіўна, што на ўсю 150-мільённую краіну знайшлося толькі двое нас, каб быць тут, беларус і лезгін?

6) Масавая пагарда да іншых народаў;

7) Любоў да бізуна і бота.

Усё гэта ў выніку выціснула з мяне русафілію па кроплі. А якой была ваша асабістая гісторыя растання з Расіяй?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?