Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, упершыню выступаючы ў ААН, зрабіў рэзкія заявы ў адрас краін, якія назваў «дзяржавамі-ізгоямі». У прыватнасці, ён паабяцаў цалкам знішчыць КНДР у выпадку, калі яна стане ўяўляць рэальную пагрозу для яго краіны, а таксама выказаўся аб Іране і Венесуэле, паведамляе ВВС.

«Сёння біч нашай планеты — маленькая група краін-ізгояў, якія парушаюць кожны з прынцыпаў, на якіх заснаваная ААН. Яны не паважаюць ні правы сваіх грамадзян, ні суверэнныя правы сваіх краін. Калі большасць, узброеная дабрадзейнасцю, не ўстане на шляху ў некалькіх зладзеяў, то зло пераможа», — сказаў Трамп.

Трамп растлумачыў, што казаў у першую чаргу аб Паўночнай Карэі. Кіруючы рэжым у КНДР «нясе адказнасць за галодную смерць мільёнаў жыхароў Паўночнай Карэі і за зняволенне, катаванні, забойствы і прыгнёт незлічонай колькасці іншых», лічыць ён.

Прэзідэнт ЗША прывёў у якасці прыкладу гісторыю амерыканскага студэнта Ота Уормбіра, які паехаў у КНДР на канікулы, але быў арыштаваны там за спробу скрасці агітацыйны плакат.

Уормбір быў прысуджаны ў КНДР да 15 гадоў турмы, але правёў у зняволенні 15 месяцаў, пасля чаго быў вернуты ў ЗША ў стане комы і неўзабаве памёр.

«У ЗША — вялікая сіла і цярплівасць, але калі мы вымушаныя будзем абараняцца, то ў нас не будзе іншага выбару, акрамя як цалкам знішчыць КНДР. Чалавек-ракета распачаў самагубчую місію», — дадаў прэзідэнт ЗША, кажучы пра лідара КНДР Кім Чэн Ына, пры якім краіна правяла некалькі ракетных пускаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0