Жаба-галіяф

Жаба-галіяф

Гэта самая вялікая жаба з тых, якія цяпер існуюць. Жабы-галіяфы, якія жывуць на невялікай тэрыторыі ў Афрыцы, часам дасягаюць вагі болей за 3 кг. І гэта не ідзе ім на карысць: праз вялікую колькасць смачнага дыетычнага мяса яны знішчаюцца з кожным годам усё хутчэй. 

Але і яны могуць здацца неймаверна малымі на фоне выкапнёвай старажытнай жабы Beelzebufo ampinga, якая насяляла востраў Мадагаскар 68 мільёнаў гадоў таму і з'яўлялася продкам сучасных жаб-галіяфаў.

Навукоўцы даўно падазравалі, што пры даўжыні цела больш за сорак сантыметраў гэтая істота магла ўжываць у ежу дзіцянят дыназаўраў. І вось, гэтая гіпотэза атрымала новае пацвярджэнне.

Старажытная жаба-велікан есць дыназаўра (ва ўяўленні мастака). Малюнак з Wikimedia Commons

Старажытная жаба-велікан есць дыназаўра (ва ўяўленні мастака). Малюнак з Wikimedia Commons

Міжнародная каманда біёлагаў правяла серыю эксперыментаў з сучаснымі сваякамі Beelzebufo ampinga (вельзебуфа). Аказалася, што сіла ўкусу вельзебуфа параўнальная з укусамі буйных драпежнікаў, такіх як ваўкі і нават самкі тыграў.

Сілу ўкусу, як паведамляецца ў працы, апублікаванай у часопісе Scientific Reports, даследчыкі вымяралі з дапамогай дзвюх пакрытых скурай пласцін, якія падносілі да морды самых вялікіх жаб, правакуючы на атаку. Выявілася, што адносна невялікія асобіны з шырынёй галавы каля 4,5 сантыметраў, сціскаюць сківіцы з сілай 30 ньютанаў.

Шляхам разлікаў навукоўцы вывелі залежнасць сілы сківіц ад памераў галавы і вызначылі, што найбольш буйныя сучасныя жабы, у тым ліку і жабы-галіяфы, кусаюць з сілай каля 500 ньютанаў, што супастаўна з драпежнымі рэптыліямі і сысунамі, якія маюць падобныя памеры чэрапа. Уявіце, што вам на палец зваліўся груз вагой 50 кілаграмаў — гэта і будзе эквівалентна ўкусу з сілай 500 ньютанаў. 

Супаставіўшы асаблівасці будовы шкілета вельзебуфа з яго сучаснымі нашчадкамі, каманда ацаніла сілу ўкусу ў неверагодныя 2200 ньютанаў!

І гэтага больш чым дастаткова, каб з лёгкасцю хапаць дробных дыназаўраў, якім не пашчасціла апынуцца непадалёк ад жабы-велікана, лічаць даследчыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?