Згодна з дадзенымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні ў Беларусі з 1995 па 2015 год узрасла з 68,6 да 73,9 гадоў (на 5,3 гадоў). Павелічэнне працягласці жыцця можа сведчыць пра паляпшэнне якасці жыцця, медыцынскага абслугоўвання, больш дасканалую дыягностыку хвароб, змяненне звычак грамадства і іншыя прычыны.
Цікава параўнаць гэтыя лічбы з сусветнымі: як за 20 гадоў змянялася працягласць жыцця ў свеце, у тым ліку ў краінах-лідарах і краінах-аўтсайдарах. Для параўнання лічбаў мы выкарыстоўвалі звесткі Сусветнага банка (СБ).
Чаканая працягласць жыцця ва ўсім свеце
Згодна з дадзенымі СБ, чаканая працягласць жыцця ва ўсім свеце з 1995 па 2015 павялічылася з 66,3 да 71,9 года (на 5,6 года). Амаль ва ўсіх краінах свету гэты важны паказчык узрос, акрамя такіх краін, як Лесота і Сірыя, якія сталі ахвярамі сур’ёзных вайсковых канфліктаў або эпідэміі СНІДа.
Сусветны банк займаецца падлікам чаканай працягласці жыцця не толькі па асобных краінах, але і па геаграфічных зонах, эканамічных саюзах і групах краін у залежнасці ад узроўню іх дабрабыту.
Відавочна, што краіны з самым высокім узроўнем даходу маюць і самую высокую працягласць жыцця.
Цікава тое, што ў бедных краінах працягласць жыцця вырасла больш, чым у заможных. Гэта не дзіўна, таму што працягласць жыцця ў бедных краінах была нізкай у першую чаргу з-за высокай дзіцячай смяротнасці і праблемай з доступам да чыстай пітной вады. Нават частковае вырашэнне гэтых праблем дазволіла істотна павялічыць працягласць жыцця ў самых бедных краінах.
| 1995 | 2015 | + |
Краіны з нізкім даходам | 50,6 | 62,0 | 11,4 |
Краіны з даходам, ніжэйшым за сярэдні | 61,2 | 67,7 | 6,5 |
Краіны з сярэднім даходам | 65,3 | 71,1 | 5,8 |
Краіны з даходам, вышэйшым за сярэдні | 69,4 | 75,1 | 5,7 |
Краіны з высокім даходам | 76,3 | 80,7 | 4,4 |
Хто ў аўтсайдарах?
Як у 1995, так і ў 2015 гадах сярод аўтсайдараў па чаканай працягласці жыцця — краіны «чорнай» Афрыкі.
Топ-5 аўтсайдараў на 1995 год выглядаў так:
- Руанда: 1995 год — 32, 2015 — 66,6
- Сьера-Леонэ: 1995 — 35,7, 2015 — 51,4
- Ангола: 1995 — 43,1, 2015 — 61,2
- Замбія: 1995 — 43,2, 2015 — 61,3
- Уганда: 1995 год — 44,3, 2015 — 59,5
Для ўсіх гэтых краін характэрны аднолькавыя праблемы: беднасць, зруйнаваная войнамі і пераваротамі эканоміка, палітычная нестабільнасць, праблемы з доступам да чыстай пітной вады, недахоп вакцын і іншых медыкаментаў.
За 2015 год топ аўтсайдараў выглядае інакш, але ўсё роўна там знаходзяцца толькі краіны «чорнай» Афрыкі.
- Цэнтральна-Афрыканская рэспубліка (51,4)
- Сьера-Леонэ (51,4)
- Чад (52,6)
- Нігерыя (53)
- Кот-д’Івуар (53,1)
А хто ў лідарах?
Сярод краін-лідараў ніякіх змен за 20 гадоў амаль не адбылося.
У 1995 годзе першая пяцёрка выглядала так:
- Японія (79,5)
- Макаа (78,8)
- Швецыя (78,7)
- Ганконг (78,8)
- Швейцарыя (78,4)
А так выглядае топ-5 за 2015 год:
- Ганконг (84,3)
- Японія (83,8)
- Макаа (83,6)
- Італія (83,5)
- Іспанія (83,4)
Усе гэтыя краіны аб’ядноўвае высокі ўзровень эканамічнага развіцця, медыцыны, яны знаходзяцца ва ўмераных і субтрапічных кліматычных паясах і ўсе (акрамя Швейцарыі) маюць выхад да мора. Нягледзячы на высокую працягласць жыцця ў гэтых краінах ужо ў 1995 годзе, за 20 гадоў гэтыя краіны здолелі павялічыць чаканую працягласць жыцця на 4—5 гадоў.
Як змянялася чаканая працягласць жыцця ў краінах-суседках?
| 1995 | 2015 | + |
Польшча | 71,9 | 78,2 | 6,3 |
Літва | 69,0 | 75,1 | 6,1 |
Латвія | 66,4 | 74,1 | 7,7 |
Беларусь | 68,6 | 73,9 | 5,3 |
Украіна | 67,1 | 71,2 | 4,1 |
Расія | 64,7 | 70,9 | 6,2 |
Ва ўсіх краінах-суседках (за выключэннем Украіны) чаканая працягласць жыцця павялічылася больш, чым у Беларусі. Сярод краін-суседак самы вялікі рост паказала Латвія, дзе чаканая працягласць жыцця павялічылася ажно на 7,7 года, а больш за ўсё адстала Украіна, дзе працягласць жыцця ўзрасла толькі на 4,1 года.





