ХДС/ХСС набірае на выбарах у Нямеччыне 33%. Сацыял-дэмакраты сабралі 20% — гэта іх найгоршы вынік за ўсе пасляваенныя часы.
8 апошніх гадоў хадэкі і сацдэмы кіравалі Нямеччынай разам, прычым ХДС іграла першую скрыпку.
11% набралі свабодныя дэмакраты і 9% — «зялёныя». Гэтыя партыі, імаверна, складуць наступную кіроўную кааліцыю разам з хрысціянскімі дэмакратамі Меркель. Па колерах партый такую кааліцыю ўжо празвалі «Ямайкай». Лібералы адстойваюць свабоду бізнэсу, гэта максімальна прарынкавая партыя. Зялёныя ж выступаюць за ахову прыроды, гэта таксама максімальна ліберальная партыя ў пытаннях сацыяльных.
Такім чынам, гэта можа быць кааліцыя лібералаў і кансерватараў. Усе гэтыя партыі выступаюць за еўрапейскае адзінства.
Лібералы схільныя да нармалізацыі адносінаў з Расеяй дзеля бізнес-выгад. Зялёныя ж, наадварот, палымяна адстойваюць прыярытэт правоў чалавека ў міжнароднай палітыцы.
З вялікай імавернасцю, Меркель застанецца канцлеркай Нямеччыны на 4-ы тэрмін. Гэта значыць, яна паўторыць гістарычны рэкорд Конрада Адэнаўэра, які адбудаваў Германію пасля нацызму, і Гельмута Коля, які аб'яднаў немцаў у час развалу СССР.
Ультраправая і звязаная з Масквой «Альтэрнатыва для Германіі» набрала 13% і праходзіць у парламент, сведчаць дадзеныя экзіт-полаў. Гэта — трэцяе месца. Ультраправыя прайшлі ў парламент упершыню пасля разгрому нацызму.
Лідар ультраправых у звароце пасля абвяшчэння вынікаў экзіт-полаў параіў кіроўнай кааліцыі апранацца як найцяплей. «Мы выганім фрау Меркель», — сказаў Ёрг Мёйтэн.
Яшчэ адна звязаная з Расіяй партыя — Die Linke, ультралевыя — сабрала 9% галасоў.
Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»





