Міністэрства адукацыі Саудаўскай Аравіі ў нядзелю пачало замяняць падручнікі для сацыяльных навук, у якіх аказалася фатаграфія караля Фейсала бен Абдэль Азіза з персанажам фільма «Зорныя войны» магістрам Ёдам, паведаміў у твітары прадстаўнік ведамства Мубарак аль-Асімі.

На фатаграфіі ў падручніку Ёда сядзіць за сталом побач з каралём у той момант, калі той падпісвае статут ААН у 1945 годзе. Фейсал бен Абдэль Азіз правіў Саудаўскай Аравіяй на працягу 11 гадоў і правёў нямала пераўтварэнняў у каралеўстве, у прыватнасці, заснаваў яго прававую сістэму, піша РIАН.

nytimes.com

У нядзелю прадстаўнік міністэрства, якое сталі вінаваціць у наўмысным здзеку з кіраўніка, сабраў экстранную сустрэчу з удзелам асоб, адказных за выпуск падручнікаў.

«Пасля вызначэння адказнага за памылку ў выдадзеным падручніку міністэрства адукацыі пачало замену падручнікаў сацыяльных навук для сярэдняй школы ва ўсіх упраўленнях», — адзначыў аль-Асімі.

Раней міністр адукацыі Ахмед аль-Іса папрасіў прабачэння «за ненаўмысную памылку з фатаграфіяй падпісання статута ААН» і абвясціў аб стварэнні спецыяльнай камісіі для вызначэння вінаватага ў гэтым.

Стваральнік выявы, дзе Ёда сядзіць побач з каралём, саудаўскі мастак Абдала аш-Шахрам прызнаўся, што стварыў цэлую серыю такіх здымкаў, размясціўшы на гістарычных фотаздымках з дапамогай фоташопа папулярных сучасных персанажаў з мэтай «зрабіць іх менш дэпрэсіўнымі». Ён растлумачыў, што невыпадкова змясціў менавіта Ёду побач з манархам. «Ён быў мудрым і добрым аратарам, таму я вырашыў, што Ёда — найбольш блізкі па характары каралю персанаж. А яшчэ Ёда зялёнага колеру», — сказаў мастак саудаўскім СМІ. Пры гэтым аш-Шахрам падкрэсліў, што не мае дачынення да з'яўлення сваёй працы ў падручніку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0