За апошні год мы бачым паступовае пашырэнне нацыянальнага бізнэсу і ўсё больш частае ўжыванне роднай мовы ў сферы маркетынгу. Калі раней такія прыклады можна было пералічыць на пальцах адной рукі, то цяпер не паспяваеш сачыць за ўсімі патрыятычнымі прыкладамі.

Нядаўна быў запушчаны праект Svaje.by, які мае на мэце аб'яднаць усё нацыянальнае з бізнэсу ў адным месцы. Аўтары блога 1863x.com вырашылі пагаварыць з кіраўніком праекта Паўлам Коласам пра тое, як ідуць справы і аб планах на будучыню.

Фота Вікторыі Пальчыс

Фота Вікторыі Пальчыс

— Раскажы, як да цябе прыйшла ідэя стварыць «сэрвіс для сваіх»?

Ідэя сфарміравалася сама па сабе, бо я бачу, як людзі шмат гадоў вучаць-вучаць беларускую мову — у школе, ходзяць на курсы «Мовы Нанова» — а выкарыстаць яе потым няма дзе, так часта падаецца ў русіфікаваным грамадстве. І тады частка людзей ад беларускай мовы адыходзіць, а трэба проста падказаць месцы, дзе можна лёгка з карысцю для сябе і для іншых яе выкарыстаць.

— То бок не дзеля бізнэсу і грошай, а толькі для падтрымкі роднай мовы?

Гэта можа быць бізнэсам калі-небудзь — праз год, пару гадоў, але зараз гэта ўсё толькі дзеля ідэі.

— Седзячы ў тваім офісе, не магу не спытаць: а чым сам займаешся?

Мы працуем у e-commerce, cтвараем інтэрнэт-крамы для амерыканцаў.

— Даўно?

Я гадоў 10 гэтым займаюся, а фірму адкрыў гадоў 5 таму.

— Гэта значыць, стварэнне сайтаў для цябе — родная стыхія? Часта такія «ідэйныя» праекты робяцца гуманітарыямі на каленцы за адну ноч.

Так, у нас невялікая фірма на 5 супрацоўнікаў, але ёсць свая платформа для электроннай камерцыі. Распрацоўваем інтэрнэт-сайты, таму такія задачы не выклікаюць вялікіх складанасцяў. Досведу хапае. І нават у гэтай сітуацыі распрацоўка svaje.byвялася не адну ноч, а некалькі месяцаў, на каленцы за ноч такое не зробіш. Мы маем патэнцыял для развіцця і хуткага рэагавання на новыя выклікі. Калі мы захочам стварыць раздзел прыватных абвестак ці даць магчымасць бізнэсам прадаваць праз наш сайт, гэта будзе справа некалькіх дзён, а не пытанне змены платформы. То бок гэта не сайт-візітоўка, а распрацоўваўся на гады.

— Як ты бачыш сітуацыю з фінансаваннем палітычных сілаў у Беларусі? Бо калі браць недзяржаўныя арганізацыі, то гранты атрымлівае не толькі апазіцыя — прарасейскія сілы таксама.

Тое, што мы бачым: шмат гадоў фінансуецца ўсё неэфектыўна. Тыя, хто дае грошы, дае іх дзеля сваіх інтарэсаў. То бок Эўропа адсюль выцягвае лепшыя інтэллектуальныя і працоўныя кадры. Тое самае робіць і ўсходні бок.

— Зянон Пазняк кажа пра тое, што беларуская палітыка павінна спансіравацца толькі на беларускія грошы. Ты з гэтым згодны?

Гэта было б файна.

— Адначасова шмат хто скардзіцца на тое, што вось ва Украіне і пры Януковічу было мноства яркіх апазыцыйных партый, у РФ — Навальны, а ў нас няма нічога…

Справа ў іншых эканамічных сістэмах. У нас няма буйнога бізнэсу, які б быў непадкантрольны ўладам. Складана ўявіць, каб тут нейкі банк ці завод фінансаваў іншую палітычную сілу. А вось ва Украіне і Расеі гэта цалкам магчыма.

— Ёсць прыклады паспяховых прабеларускіх бізнэсаў, якія табе падабаюцца і якім ты б паставіў лайк?

Я люта бы паставіў лайк Honar, які на сёння даволі моцны брэнд, створаны з нуля.

А Symbal.by?

Сымбаль.бай — файны бізнэс, актыўна пашыраецца, шмат філіяўлаў і рэселераў, вялікія абароты. Але пакрыху трэба адыходзіць ад фармату «вышыванка на ўсім». Бо вышыванку на ўсё, што можна, здаецца, ужо наляпілі, ці вось-вось налепяць. Павінен быць наступны іх крок, хочацца нечага большага. На сваім праекце я б жадаў бачыць шмат маленькіх беларускіх ініцыятыў проста для звычайнага жыцця — цырульні, аўтамыйні, кавярні, прадуктовыя крамы. Цэлы такі сусвет, які б задавальняў усе звычайныя патрэбы. І рабіў бы жыццё камфортным, найперш беларускамоўных людзей.

— А сам у асабістым жыцці стараешся адпавядаць гэтаму прынцыпу?

Вось ў офісе маю сталы ад «Цесляроў», а ў хаце шафа адтуль жа.

Фота Вікторыі Пальчыс

Фота Вікторыі Пальчыс

— Так, ІП Дашкевіча ты падтрымаў. Каго яшчэ?

Офісныя кубкі ад Symbal.by. Таксама маю ад іх амаль поўны камплект цішотак. Кашулю ад Honar маю. Думаю ў найбліжэйшы час набыць што-небудзь ад LSTR.

Фота Вікторыі Пальчыс

Фота Вікторыі Пальчыс

— А культурнае жыццё?

Падтрымаў пару кніжак на беларускай на краўдфангавых платформах, таксама археалагічны летнік у Крэве. Усё, думаю, на вышэйшыя, у параўнанні са звычайным ахвярадаўцам, сумы. Але ж так і павінна быць, бо я бізнэс. Паказы «Кінаконга» і «Беларускія ўікэнды» таксама падтрымаў.

— За апошнія пару гадоў шэраг буйных брэндаў стаў падтрымліваць беларускую мову. А-100, «Вэлком», «Атлант-Тэлекам», «Альфа-Банк», «Еўраопт» — усіх і не запомніш. Ты б іх ўключыў у свой праект ці яны проста кан'юктуршчыкі?

Так, я б іх дадаў, але ў асобны раздзел, адзначыў бы імкненне да беларускай мовы. Што да асноўнага каталога, напрыклад, калі гэта Velcom, будзем пазначаць адмысловыя офісы, дзе табе дакладна адкажуць на роднай мове, а не ўсю кампанію цалкам. Агулам я думаю, што гэта была не кан’юктура, а бізнэс шчыра падтрымаў ідэю. Мы са свайго боку падтрымліваем і хочам бачыць пераход ад «фасаднай беларусізацыі» да рэальнай: толькі беларускамоўная этыкетка ці шыльда — гэтага ўжо недастатковая падстава лічыць бізнэс сапраўды беларускім, павінна быць уся камунікацыя па-беларуску, у першую чаргу абслугоўваючы персанал павінен валодаць беларускай мовай. У такім выпадку бізнэсы сапраўды свае і вітаюцца ў асноўным каталогу svaje.by, а не ў асобным раздзеле да яго.

— Калі Белгазпрамбанк або ВТБ-Банк з расійскім капіталам пераходзяць на беларускую і падтрымліваюць розныя нацыянальныя ініцыятывы — як да такога ставіцца?

А што ў гэтым дрэннага? Я стаўлюся да гэтага добра. Яны тым самым адзначаюць нашую адметнасць, і адметнасць таго рынку, дзе ім трэба працаваць.

— Але з іншага боку, я еду ў маршрутцы і чую рэкламу ВТБ-Банка на беларускай. А нашы мясцовыя банкі і іншыя буйныя гульцы дагэтуль «саромеюцца» часцяком такіх хадоў. Чаму так выходзіць, што рускія бягуць паперадзе цягніка і робяць маркетынг на нашай роднай мове?

— Гэта, напэўна, тое, яшчэ старое, успрыманне мовы як палітыкі. Шмат хто нават зараз думае катэгорыямі канца 90-х і рэфлекторна баіцца нейкіх крокаў у нацыянальны бок. Расейцы ж прыйшлі зарабляць грошы, таму глядзяць на рынак без усялякіх забабонаў і робяць той маркетынг, які прынясе ім больш прыбытку.

— А што са скандалам вакол «Савушкавага»?

«Савушкаў» не набываю і нікому не раю. Ім пара даўно зразумець, што адсутнасць на этыкетках беларускай мовы, якая з’яўляецца дзяржаўнай, ёсць тыповая моўная дыскрымінацыя. І калі ў інэце іх троляць, то гэта толькі спроба данесці пункт гледжання пэўнай групы спажыўцоў. У перспектыве, упэўнены, гэта непрыманне беларускай мовы ім яшчэ адгукнецца, бо рэпутацыю лёгка сапсаваць і вельмі цяжка пасля аднавіць, асабліва ў такой вострай тэме, як моўнае пытанне. Але мо яны возьмуцца за розум.

— Як наогул бізнэсу патрапіць у каталог і якія крытэрыі стаіць перад ім?

Зайсці на сайт, націснуць кнопачку «Дадаць», і выскачыць форма для запаўнення — яна простая, стваралі яе з мэтай, каб бізнэсу было прасцей рэгістравацца. Потым мы патэлефануем, і калі нам змогуць адказаць на беларускай мове — дадаем у каталог. Імкнемся правяраць бізнэсы: ці тэлефануем, ці хтосьці ідзе наведваць. Нават пачалі ствараць сетку «сакрэтных агентаў» у рэгіёнах для такой справы, проста без праверкі не дадаем. Вядомыя і шмат разоў правераныя месцы дадаем самі.

Бываюць забаўныя здарэнні. Аднойчы дабавіўся сэрвіс рытуальных паслуг, у якога ёсць беларуская версія сайту. Фірма належыць расейскамоўнаму бацьку, а яго сын — беларускамоўны. Я патэліў па кантактным нумары, і бацька мне адказаў: «Ну я вообще-то беларуский не очень понимаю». Ці нейкая турагенцыя, дзе дзве супрацоўніцы і, па легендзе, па-беларуску размаўляе толькі адна, але якраз яна зараз у адпачынку — ніводнага беларускага слова там не пачулі, хоць заяўку на даданне аформілі. Вось гэткім бізнэсам, на жаль, прыходзіцца адмаўляць. Але яны, вядома, могуць паспрабаваць пазней.

Вось тут унізе напісана: «Зроблена ў Беларусі без замежных грантаў»…

Гэта зроблена, каб падкрэсліць, што мы свае, што мы ўсур’ёз і надоўга. Бо звычайна тыя, хто робіць сайт на грант, у іх сайт працуе год-два і ўсё. Таму такі акцэнт.

— Ёсць якія-небудзь сферы, дзе вам патрэбна дапамога добраахвотнікаў?

Зараз больш за ўсё мы маем патрэбу ў піяры і прасоўванні сайта, каб найбольшая колькасць беларускамоўных бізнэсаў і спажыўцоў даведалася, што з’явіўся сайт, які арыентаваны менавіта на іх патрэбы. Што датычна вэб-тэхналогій, думаю, мы самі справімся, бо займаемся гэтым прафесійна. А вось наконт мабільных аплікацый пакуль праблема, бо мы іх не робім. Калі нехта займаецца, такую б дапамогу з задавальненнем выкарасталі бы, можна звяртацца ў Facebook, праз кантакт-форму на сайце ці на пошту [email protected].

— Калі пафантазіраваць і ўявіць, што сэрвіс стаў папулярны і пачаў расці, то куды далей будзе рухацца? Якія дадатковыя рэчы і элементы хацелі б увесці?

У найбліжэйшыя дні дабавім агульную мапу бізнэсаў, яна ўжо гатовая. Калі дабавім цалкам беларускамоўныя бізнэсы, будзем дадаваць часткова беларускамоўныя і асобных людзей. Напрыклад, нейкі Мікалай прадае шаўрму, і ў свой час працы абслугоўвае на беларускай. Такія прыклады таксама жадаем адлюстроўваць. І не плануем абмяжоўвацца толькі Беларуссю. Ёсць дыяспары ў розных краінах, там таксам трэба працаваць, каб беларусы падтрымлівалі адзін аднаго.

— Калі ўжо ёсць больш за 50 кампаній, ці можна думаць аб ўмоўнай «карце лаяльнасці»? Каб, купляючы мэблю ў Дашкевіча, ты атрымліваў зніжку ў тым жа Symbal.by. І наадварот?

Зараз мы хочам сабраць усіх у адным месцы. І калі база будзе вялікая, ужо будзем працаваць над рознымі карткамі, акцыям па зніжках і іншымі прыемным бонусамі адносна аўдыторыі.

Я веру і ведаю, што шмат беларусаў цягнуцца падтрымаць сваё. Наша місія прапанаваць максімальна зручны спосаб гэта зрабіць.

— Але мы забываемся пра рынак працы. Раней беларускамоўнаму было няпроста ўладкавацца на працу.

А цяпер дастаткова бізнэсаў, дзе без валодання беларускай мовай на працу не бяруць. Вунь берасцейкі «Князь Вітаўт»шукае сабе гандляроў, вунь магілёўскі «Шпаркі лось» шукае афіцыянтаў і кухараў, менская «Наша ніва» — маркетолагаў і гэтак далей, і гэта свежыя абвесткі толькі за некалькі апошніх дзён. Канешне, хутка ў нас будзе раздзел з вакансіямі і пошукам працы, бо рынак працы «на беларускай» існуе ці пачынае складвацца. Зараз патрэбы ў супрацоўніках растуць, бо актыўна адкрываюцца новыя бізнэсы. Тыя менскія бізнэсы, якія ў нас зараз ёсць на сайце, даюць працу некалькім сотням спецыялістаў толькі ў Менску. Наша мэта — валоданне мовай ператварыць у плюс, калі размова заходзіць пра рынак працы.

— Што ты параіш рускамоўным патрыётам, якія пакуль не гатовыя перайсці на беларускай, але хочуць таксама ўдзельнічаць у нацыянальным адраджэнні?

Можна рабіць маленькія крокі, аднойчы пачаць казаць «Дзякуй» замест «Спасибо», потым пачаць ужываць іншыя простыя словы: «так», «да пабачэння», «вітаю», «добра». Гэта нескладана і нейкага сур’ёзнага дыскамфорту не прынясе. Затое пачуццё беларускасці будзе паступова павялічвацца. І пры іншых роўных умовах, не ў ахвяру якасці, вядома, трэба абіраць «сваіх» і набываць у «сваіх»!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0