Незалежнага журналіста Зьмітра Лупача суд прызнаў вінаватым у парушэньні артыкулу 22.9 КаАП. Судзьдзя Глыбоцкага райсуду Андрэй Тарасевіч пастанавіў, што спадар Лупач займаўся «незаконным вырабам прадукцыі СМІ», і пакараў яго штрафам памерам 30 базавых велічынь.

Зьміцер Лупач

Зьміцер Лупач

Адзіным сьведкам на судовым працэсе быў глыбачанін Уладзімер Протас — герой таго самага інтэрвію, паказанага на «Белсаце». Спадар Протас сказаў на судзе, што сам падышоў да чалавека з камэрай і прапанаваў запісаць уласнае меркаваньне наконт вучэньняў «Захад-2017». Так гледачы даведаліся, што ў Глыбокім жыве спадар, які са слязьмі на вачох вітае правядзеньне беларуска-расейскіх супольных вучэньняў, бо ў Беларусі «не павінна быць натаўскіх танкаў», якія ягоны «бацька выгнаў у 1945 годзе».

Адміністрацыйную справу супраць глыбоцкага журналіста распачаў старшы інспэктар мясцовага РАУС Сяргей Цырбан. Як напісана ў пратаколе, правапарушэньне з боку Зьмітра Лупача ён заўважыў, «праводзячы маніторынг сеткі інтэрнэт». У матэрыялах судовай справы пазначана, што «месца правапарушэньня» — гэта «навінавы блог» на «тэлевізійным сайце belsat.eu». І што інтэрвію ў спадара Протаса журналіст узяў 27-га верасьня, хоць насамрэч гэта адбылося на дзень раней.

Недакладнасьці і нестыкоўкі ў пратаколе аб правапарушэньні судзьдзю Тарасевіча не зьбянтэжылі. На падставе гэтага дакумэнту ён прызнаў журналіста вінаватым. І прысудзіў штраф, які стаўся ўжо трэцім пакараньнем для Зьмітра Лупача за журналісцкую дзейнасьць.

Мінулы раз падобнае здарылася ў сёлетнім траўні: Глыбоцкі суд прызнаў Зьмітра Лупача вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ — за сюжэт, паказаны на тэлеканале «Белсат». Там апавядалася пра дом № 142 па вуліцы Леніна ў Глыбокім, які ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў вымагае капрамонту. Судзьдзя Людміла Вашчанка наклала на Зьмітра Лупача штраф памерам 30 базавых (690 рублёў).

У ліпені 2015-га незалежны журналіст таксама быў прызнаны вінаватым паводле артыкулу 22.9 КаАП ч.2 (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Справу разглядала старшыня Глыбоцкага райсуду Ірына Казак. Тады Зьмітра Лупача аштрафавалі на 25 базавых велічынь за артыкул «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 году», разьмешчаны на сайце Эўрарадыё.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?