Не атрымаўшы грошай ад Міжнароднай фінансавай карпарацыі і рэфінансаваўшы абавязацельствы перад крэдыторамі, галоўны рэтэйлер краіны плануе знайсці новыя крыніцы рэсурсаў у выглядзе размяшчэння 5-гадовых еўрааблігацый на суму 350 млн даляраў.
Пра гэта паведамляюць, у прыватнасці, Reuters і Financial Times са спасылкай на свае крыніцы. Паводле інфармацыі СМІ, сустрэчы з патэнцыйнымі інвестарамі з ЗША і Еўропы пачнуцца з наступнага тыдня. Арганізатарамі здзелкі прызначаныя JPMorgan, а таксама расійскія банкі «Сбербанк» і «Ренесанс Капитал».
Нагадаем, што ў 2016 годзе «Еўрагандаль», які валодае найбуйнейшай рознічнай сеткай у Беларусі («Еўраопт»), вёў перамовы пра ўваходжанне ў бізнэс Міжнароднай фінансавай карпарацыі. Меркавалася, што IFC укладзе ў статутны капітал рэтэйлера 55 млн даляраў. Увесь праект, які выносіўся на зацвярджэнне рады дырэктараў міжнароднай структуры, ацэньваўся ў 291 млн даляраў, з якіх 91 млн даляраў прызначаўся для інвестыцый у пашырэнне сеткі і кліенцкай базы, а 200 млн даляраў — на рэфінансаванне абавязацельстваў «Еўрагандлю».
Аднак «Еўрагандль» не дачакаўся станоўчага рашэння ад IFC. У пачатку 2017 года банкі-крэдыторы і ўлады выказалі занепакоенасць ростам запазычанасці аператара. У красавіку старшыня назіральнай рады рэтэйлера Андрэй Зубкоў агучыў, што «Еўрагандлю» ўдалося дамовіцца аб рэфінансаванні даўгоў з ключавымі крэдыторамі («Альфа-Банкам», «БПС-Ашчадбанкам»), падпісаўшы графікі пагашэння да 2022—2023 гадоў.
«У адпаведнасці з нашымі планамі на 1 студзеня 2018 года доўг перад банкамі складзе каля 580 млн даляраў», — заяўляў тады Андрэй Зубкоў.