Уладзіслаў Казакевіч напаў на кантралёраў у шклоўскай калоніі, паведаміў афіцыйны прадстаўнік МУС Канстанцін Шалькевіч.

Інцыдэнт адбыўся 12 кастрычніка ў папраўчай калоніі №17. Каля 10.40 пры вывадзе Казакевіча на прагулку падчас правядзення стандартнай працэдуры надгляду спрацаваў металадэтэктар у яго левым рукаве.

«Асуджанаму было прапанавана здаць забаронены прадмет, але ён, не выканаўшы патрабавання вайсковага нарада, правай рукой выхапіў з рукава самаробны нож і паспрабаваў напасці на супрацоўніка адміністрацыі калоніі. Дзякуючы прафесійным, разумным дзеянням начальніка вайсковага нарада кантралёраў, старшага кантралёра ўзвода, прапаршчыка Аляксея Кузана і асабовага складу вайсковага нарада асуджаны Уладзіслаў Казакевіч быў абяззброены», — распавёў Канстанцін Шалькевіч.

На месцы здарэння працуе следча-аператыўная група.

***

У сакавіку 2017 года Мінскі гарадзкі суд прызнаў 18-гадовага студэнта першага курса МІТСА Уладзіслава Казакевіча вінаватым у забойстве супрацоўніцы ГЦ «Новая Еўропа», у замаху на забойства і злосным хуліганстве і прысудзіў яго да 15 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. Напад у ГЦ «Еўропа» адбыўся 8 кастрычніка 2016 года. Вярхоўны суд 13 чэрвеня 2017 года, разгледзеўшы справу ў апеляцыйным парадку, пакінуў прысуд без зменаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0