На працягу наступнага тыдня амерыканская адміністрацыя абвесціць аб выхадзе ЗША з ЮНЕСКА. Пра гэта паведамляе выданне Foreign Policy.

Прычыны дзве — антыізраільская накіраванасць дзейнасці арганізацыі і эканомія сродкаў. Паведамляецца, што ЗША захаваюць за сабой статус дзяржавы-назіральніка.

Пра намер выйсці з ЮНЕСКА дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан распавёў прэзідэнту Францыі Эманюэлю Макрону ў кулуарах 72-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН, якая праходзіла ў Нью-Ёрку ў канцы верасня. Выданне паведамляе, што Макрон прасіў ЗША падтрымаць французскага кандыдата на пасаду генеральнага дырэктара ЮНЕСКА. Гаворка ідзе пра былога міністра культуры Францыі і цяперашняга дарадчыка караля Марока Одры Азулай. Варта адзначыць, што яна нарадзілася ў сям'і мараканскіх габрэяў, але цалкам падзяляе антыізраільскую рыторыку ЮНЕСКА.

Выбары генеральнага дырэктара ЮНЕСКА пройдуць сёння, 12 кастрычніка. Акрамя Азулай на гэты пост прэтэндуюць прадстаўнікі Катара, Егіпта і Кітая.

ЗША выходзяць з складу ЮНЕСКА не ўпершыню. У 1984 годзе прэзідэнт Рональд Рэйган прыняў такое рашэнне, абвінаваціўшы ЮНЕСКА ў карупцыі і ў ідэалагічнай падтрымцы Савецкага Саюза.

У 2002 годзе прэзідэнт Джордж Буш вярнуў сваю краіну ў гэтую арганізацыю, заявіўшы, што ЮНЕСКА пазбавілася ад шэрагу небяспечных антызаходніх і антыізраільскіх прадузятасцяў.

Шэсць гадоў таму Злучаныя Штаты скарацілі свой штогадовы ўзнос у бюджэт ЮНЕСКА на 80 мільёнаў даляраў у якасці рэакцыі за прыняцце Палестынскай аўтаноміі ў члены арганізацыі. Адміністрацыя прэзідэнта Барака Абамы спаслалася на закон, які забараняе ЗША фінансаваць любыя міжнародныя структуры, якія прызнаюць Палестынскую аўтаномію дзяржавай.

Нягледзячы на скарачэнне фінансавання, ЗША па-ранейшаму з'яўляюцца сябрам ЮНЕСКА і маюць права голасу ў Выканаўчай радзе.

З прыходам у Белы дом Дональда Трампа ЗША неаднаразова пагражалі выхадам з ЮНЕСКА ў знак пратэсту супраць антыізраільскіх рэзалюцый. Пасля таго, як некалькі месяцаў таму ЮНЕСКА адмовіла яўрэям у гістарычнай сувязі з Храмавай гарой і Сцяной плачу і абвясціла Пячору праайцоў у Хеўроне нацыянальнай культурнай спадчынай палестынскага народа, амбасадар ЗША ў ААН Нікі Хэйлі заявіла, што рашэнне аб выхадзе з ЮНЕСКА будзе прынятае ў самы бліжэйшы час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?