Мікалай Халезін.

Мікалай Халезін.

Справа ў тым, што Халезін, які з’яўляецца адным з кіраўнікоў Свабоднага тэатра, не першы год супрацоўнічае з беларускім драматургам Канстанцінам Сцешыкам: ён з’яўляецца штатным аўтарам калектыву. Таму Мікалаю з першых вуснаў сталі вядомыя падрабязнасці непрыгожай гісторыі, якая адбываецца з прэм’ерай спектакля «Запалкі»: прэм’еру паказалі ў верасні гэтага года. Калі коратка, то «Запалкі» — гэта жыццёвая, сумная гісторыя пра мужыка Толю, які жыве ў звычайным горадзе і гадуе маленькую дачку. Але заканчвае ён жыццё незвычайна…

«Косця прадаў «Запалкі» Нацыянальнаму драматычнаму тэатру імя Янкі Купалы, пастаноўку ажыццяўляла рэжысёр Таццяна Ларына. І ўсё б нічога, калі б мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін не вырашыў «паправіць» матэрыял. Да пачатку працы Ларынай і ўжо пасля набыцця правоў на пастаноўку Пінігін выразаў з тэксту некалькі фрагментаў, якія аўтар лічыць прынцыповымі, і замяніў іх сказамі ўласнага сачынення, што, безумоўна, парушае і падпісаную бакамі дамову, і беларускі закон аб аўтарскіх правах, і шэраг міжнародных канвенцый», — распавёў Мікалай Халезін.

Ён лічыць, што кіраўніцтва Купалаўскага працуе з «постсавецкімі» схемамі кіравання тэатрам, якія нічым не лепшыя за савецкія.

Аўтар, натуральна, пакрыўдзіўся на такое самаўпраўства. Канстанцін Сцешык сцвярджае, што ў прыватнай размове Пінігін паабяцаў зусім закрыць спектакль, калі з яго праўкамі не пагодзяцца.

Драматург Канстанцін Сцешык.

Драматург Канстанцін Сцешык.

«У дамове, якую я заключаў з тэатрам, ёсць пункт, што яны не мелі правоў змяняць тэкст без маёй згоды: я яе не даваў», — пракаментаваў «НН» Канстанцін, якога, як ён кажа, нават не запрасілі на рэпетыцыі «Запалак», а паставілі перад фактам змяненняў напярэдадні прэм’еры. Пры тым, што драматург нават не мог убачыць яе на свае вочы, бо знаходзіўся ў ад’ездзе. Цяпер жа ён прынцыпова адмаўляецца выходзіць на кантакт з рэжысёрам, бо пакрыўджаны і «не бачыць нагоды тут нешта яшчэ абмяркоўваць». «Справа не ў тым, колькі і што адтуль выразалі, а ў тым, што гэта зрабілі без дазволу», — удакладняе аўтар.

А што ж мастацкі кіраўнік Купалаўскага?

Трэба дадаць, што першапачаткова над п’есай працавала выключна Таццяна Ларына, яна і значыцца афіцыйным рэжысёрам «Запалак». Але сталася так, што яна не спраўлялася з матэрыялам: акцёры нават адмаўляліся з ёй працаваць.

Летам Мікалай Пінігін сам убачыў прамежкавыя вынікі маладой рэжысёркі: на яго погляд, яны выглядалі правальна. Таму ён вырашыў скончыць працу сам.

Мікалай Пінігін. Фота whereminsk.by.

Мікалай Пінігін. Фота whereminsk.by.

«Я мог зусім закрыць гэты спектакль, але папрасіў артыстаў працягваць, бо мне вельмі падабаецца гэтая п’еса. Менавіта таму я пазней абараняў матэрыял перад Міністэрствам культуры, якія не разумелі, навошта нам «суіцыдальны» па сваім настроі спектакль. Я выратаваў гэты спектакль, але ні Сцешык, ні Ларына, якая, хутчэй за ўсё, і настроіла аўтара супраць мяне, гэтага, відаць, не разумеюць», — кажа мастацкі кіраўнік Купалаўскага.

Мікалай не бачыць нічога дрэннага ў тым, што ён замяніў у п’есе тры сказы: «Яны патрэбныя былі, каб удакладніць гледачам некаторыя моманты. Напрыклад, куды знікае адзін з герояў: я дадаю, што ён выйшаў у акно».

«Сцешык — не Чэхаў і не Шэкспір, мог бы прыйсці і паразмаўляць са мной. Мне яго пазіцыя незразумелая. Раней ён быў у ад'ездзе, а цяпер знаходзіцца ў Мінску, чаму ён мне не тэлефануе, каб вырашыць праблему? Ён пакрыўдзіўся на мяне за тры сказы? Яшчэ раз паўтаруся: ён не Шэкспір, а хлопчык, які толькі пачынае сваё жыццё. Я ставіў Чэхава, Гогаля — выкінуў з іх тэкстаў дзясяткі старонак — і што? Якая тут праблема?» — не разумее Пінігін.

Пакуль спектакль застаецца ў афішы Купалаўскага, але калі драматург захоча абараніць свае правы юрыдычна ці будзе патрабаваць вярнуць аўтарскі тэкст, яго могуць прыбраць з рэпертуару.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?