Гэты бусечка, праўда, я? Мама ніколі не казала: «Дзімка, ты — красівы!» Наадварот, мяне трохі бянтэжылі яе «мастацкія» выразы адносна маёй знешнасці: «Ты красівы, як срака праз вакно». Пра свае «неверагоднае хараство» я ўпершыню пачуў ад стрыечнай бабулі, яна раптам сказала: «О, які ж ты сімпатычны хлопчык!» Так пачаўся мой росквіт, мне было 13. Жарты жартамі, але калі ў 8-м класе прыгожая дзяўчына даслала мне запіску і прызначыла сустрэчу, я заглянуў у люстэрка.

Здольнасці спакусніка я напрацаваў на сцэне, гэта мой улюбёны сцэнічны вобраз, ага. I я ў тым узросце, калі бачу развіццё падзей далей і ведаю: у нейкі момант спатрэбіцца стоп-кран. А правакацыі — гэта ж весела, чаму не?

Чорт! Гляджу на фота — сам сябе хачу. Гэта не смешна! Я стаўлюся да такога з нейкай насцярогай, бо ў нашым артыстычным асяроддзi і ад мужчын даводзіцца часам уцякаць. Пару разоў было такое. Казаў ім ціха так: «Пачакай мяне тут, я хутка». І збягаў.

Артыст на сцэне і пасля сцэны — людзі, незнаёмыя адзін з адным. Першыя дзве гадзіны пасля канцэрту да мяне лепш не падыходзіць: ледзь трымаюся на нагах. Магу забіць! Тут, можа быць, эйфарыя пасля выступу ці, наадварот, незадавальненне. Якія раманы? І што скажа жонка?!

Ух, якая! — магу падумаць я… І ўсё на гэтым.

Зайздроснікі папракаюць, што мая публіка — «пані трошкі ў гадах». А я на канцэртах бачу маладых, прыгожых дзяўчат. Яны і прыводзяць з сабой мам і бабуль, што тут дрэннага? Я пяю і для мужчын, якіх, можа, і сілай валакуць на мае канцэрты.

Мне ўсё роўна, што там кажуць. Вінаваты я ці невінаваты — не заганяюся. Нарэшце дарос да такога стану, калі не адчуваю віны за нейкія непаразуменні ці канфлікты. Мне фізічна і эмацыйна цяжка насіць у сабе нейкія крыўды.

О! Прычоска «Еўдакімаў»! На мой погляд, на беларускай сцэне не хапае лірычных выканаўцаў, гэты вобраз зусім неразвіты. Калі б нехта займаў гэтую нішу, мажліва, я б зараз нейкі трэш выконваў. Ці рок. Ці хіп-хоп. Ай, мне насамрэч падабаецца быць рамантыкам на сцэне.

Вобраз рамантыка павінен быць іканізаваны. То бок кананізаваны!

Нейкі комплекс, што я бард і не напісаў ніводнай песні, турбуе. Спрабаваў — пасля Барадуліна, Бураўкіна, Някляева. Не магу. Ёсць яшчэ час, можа, у 60—70 гадоў такія шэдэўрыкі павыдаю…

Калі надыходзяць думкі пра свае прафесійныя недасканаласці, часцяком «выпадаю». Бо адчуваю, што шмат яшчэ трэба працаваць над сабою. Дарослым я не спяшаўся станавіцца, мажліва, і да добрай кнігі і да паэзіі прыходжу толькі цяпер.

Я — мяняюся! У нейкі момант зразумеў, што ішоў чужымі дарогамі і да сябе яшчэ не дайшоў. Ад народнай песні да беларускай паэзіі, пасля — да паэзіі Японіі, Швецыі, Чэхіі, Польшчы, Расіі (праз вершы Маякоўскага). Дзякуй богу і «Песнярам», бо песні на вершы Маякоўскага ўзніклі дзякуючы ім. У мяне велізарныя планы на жыццё, мне цікава, але адначасова страшна: што рабіць далей? Трэба заблукаць, каб пасля вярнуцца да сапраўднага сябе.

Але ёсць у мяне такая фобія: а раптам стачуся? «Надыходзіць жахлівейшая з амартызацый — амартызацыя сэрца і душы». Калі распіраюць унутраныя пакуты, я разумею: трэба ісці фізічна працаваць. Вунь, глядзі, ужо птушкі адлятаюць. Трэба рыхтавацца да зімы!

Не лічу сябе дасканалым, але адчуваю: тое, што я раблю, — маё. Некалі малады прыпёрся ў тэатр Халезіна і кажу: у гэтым жыцці ўсё паспрабаваў, гатовы быць артыстам. Мне здавалася, што я класным героем магу быць на сцэне. Рэжысёр Шчэрбань пасмяяўся: а давай будзеш лётаць па сцэне голы, а срамное месца мы табе прыкрыем дранікам, ну…?

— Ага, зараз!

Лезу ўглыб сябе, каб зразумець прычыны таго, чаму менавіта так адчувае мой герой. Гэта сапраўдная навука жыцця і для мяне, і для слухача. Бо «пражываючы» на сцэне Маякоўскага, Рафала Ваячака, хопіць розуму не паўтарыць іх памылкі, уберагчы сабе ад глупстваў…

Магу заплакаць пасярод канцэрту. Мне нават сорамна бывае, што я такі плаксівы.

Каб знайсці сваю сапраўднасць, трэба выйсці з зоны камфорту. Але слухач можа быць не гатовы на твае эксперыменты, ён чакае ўсім зразумелы вобраз. Даводзіцца і размаўляць падчас канцэрту, — тут раптам уключаецца Сатыр з рысамі, якія неўласцівыя рамантыку. Калі забываеш, хто ты, можаш апрануць гэтую маску…

Таямніца і харызма артыста — у недасказанасці. Калі раптам мае прыхільнікі даведаюцца, якім я бываю раніцою… Можа, толькі самыя стойкія прыйдуць на мой канцэрт.

Не бойцеся, што я не такі харошы, як вы думалі, прыходзьце 2 лістапада ў КЗ «Мінск» — пабачыце!

Чытайце таксама:

«Валасы чалавека — гэта антэны, якія ўзмацняюць яго ўплыў на іншых» — ФОТАпраект «Лад жыцця» з Алегам Хаменкам

Ігар Варашкевіч у ФОТАпраекце «Лад жыцця»

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?