Расспажыўнагляд падоўжыў забарону на рознічны продаж нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі, уведзеную ў канцы мінулага года з-за масавага атручэння «Глогам» у Іркуцку. Тэрмін забароны скончыўся яшчэ 9 кастрычніка. У Расспажыўнаглядзе не тлумачылі, з чым звязаная адтэрміноўка падаўжэння забароны, паведамляе ВВС.

«У сувязі з выпадкамі масавых вострых атручэнняў людзей нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыяй, у тым ліку, са смяротнымі зыходамі, пастанаўляю юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам прыпыніць на тэрмін 180 сутак рознічны гандаль нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыяй», — гаворыцца ў пастанове галоўнага дзяржаўнага санітарнага лекара Расіі Ганны Паповай.

Таксама ўводзіцца забарона на гандаль спіртазмяшчальнымі харчовымі дадаткамі і араматызатарамі з утрыманнем этылавага спірту больш за 28% (за выключэннем шклоабмывальных вадкасцяў, нявадкай спіртазмяшчальнай прадукцыі, а таксама спіртазмяшчальнай прадукцыі з выкарыстаннем пакавальных сродкаў, якія выключаюць яе пераральнае спажыванне).

У пастанове ўдакладняецца, што забарона тычыцца спіртазмяшчальных вадкасцяў, якія прадаюцца ніжэй за рознічнаую цану гарэлкі, лікёра-гарэлачнай і іншай алкагольнай прадукцыі крэпасцю звыш за 28%.

Забарона на продаж нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі ў Расіі была ўведзеная ў канцы мінулага года пасля масавага атручэння канцэнтратам для ваннаў «Глог» у Іркуцку, дзе загінулі 76 чалавек. З тых часоў Расспажыўнагляд неаднаразова яго падаўжаў.

У ліпені галоўны санітарны лекар Папова, адзначаючы эфектыўнасць забароны, казала, што з моманту яго ўвядзення лік загінулых ад атручэння спіртазмяшчальнымі вадкасцямі ў розных рэгіёнах Расіі знізіўся ад 20% да 50%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0