Андрэй Бабіш цалуе калегу па партыі пасля весткі пра перамогу. Фота Міхала Ружычкі, MARFA.
На выбарах у Чэхіі перамагла партыя мільярдэра Андрэя Бабіша ANO («Акцыя незадаволеных грамадзян»).
За яе прагаласавала 30% грамадзян.
Другое месца заняла правацэнтрысцкая, кансерватыўная Грамадзянская дэмакратычная партыя, але яна сабрала толькі 11%.
Звяртае ўвагу, што амаль столькі ж атрымала прыкольная Партыя піратаў і ультраправая «Свабода і прамая дэмакратыя» на чале якой стаіць чэшскі японец Томіа Акамура.
У парлямэнт прайшла рэкордная колькасць партый — дзевяць.
Зусім мала галасоў сабралі традыцыйныя партыі. Сацыял-дэмакраты атрымалі толькі 7%, камуністы — толькі 8%, а лібералы з Топ-09 — 5%.
Сама фігура Бабіша выклікае крытыку многіх чэхаў як на правым, так і на ліберальным флангах. Яны абвінавачваюць Бабіша ў папулізме і імкненні сканцэнтраваць уладу ў адных руках. Акрамя таго, супраць яго нядаўна была распачатая крымінальная справа па абвінавачванні ў фінансавых махінацыях.
ANO Бабіша удзельнічала і ў папярэднім урадзе, але ў якасці меншага партнёра. Вялікіх змен у палітыцы Чэхіі не чакаецца.