Расія ў аўторак наклала ў Радзе Бяспекі ААН вета на вынесены на галасаванне праект рэзалюцыі, які прадугледжвае падаўжэнне мандата для расследавання выпадкаў прымянення хімічнай зброі ў Сірыі, паведамляе DW. Вывучэннем гэтых інцыдэнтаў займаецца Сумесная следчая камісія ў складзе супрацоўнікаў ААН і Арганізацыі па забароне хімічнай зброі (Joint Investigative Mechanism, JIM), сфарміраваная ў 2013 годзе.

Яшчэ адзін пастаянны сябар Рады Бяспекі — Кітай — устрымаўся ад галасавання.

Мандат місіі заканчваецца ў сярэдзіне лістапада. Апошняя з запланаваных ёй справаздач, як чакаецца, будзе прадстаўленая 26 кастрычніка.

Сумесная следчая камісія ААН і АЗХЗ была заснаваная ў адказ на рашэнне сірыйскіх уладаў знішчыць запасы хімічнай зброі і аб'ектаў па яе вытворчасці. Пазней, калі гэты працэс быў завершаны, мандат JIM працягнулі. У задачы камісіі ўвайшло высвятленне канкрэтных фактаў выкарыстання хімічных боепрыпасаў і вызначэнне адказных за гэта асоб.

У жніўні 2016 года камісія абвінаваціла як сірыйскі ўрад, так і тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы» ў прымяненні хімзброі ў 2014-2015 гадах. Згодна з апублікаванай тады справаздачай JIM, ваенныя, якія падпарадкоўваюцца Дамаску, як мінімум тройчы ўжывалі хлор, а тэрарысты ІД выкарыстоўвалі гарчычны газ (іпрыт).

На пасяджэнні Рады Бяспекі 30 жніўня 2016 года ААН Расія адмовілася прызнаць факты, выкладзеныя ў справаздачы. Сірыйскі ўрад таксама абвяргае гэтыя абвінавачванні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0